Паводле пракуратуры, у 2012 годзе, калі Латушка займаў пасаду міністра культуры, ён «з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці, дакладна ведаючы аб адсутнасьці ў адпаведнасьці з заканадаўствам падстаў для фінансаваньня за кошт бюджэту Рэспублікі Беларусь шэрагу заведама незапатрабаваных кінапраектаў, наўмысна аддаў указаньне падначаленым супрацоўнікам аб уключэньні іх у тэматычны плян вытворчасьці фільмаў на 2012–2013 гады, што відавочна выходзіла за межы яго правоў і паўнамоцтваў, нададзеных яму па службе».
Такімі дзеяньнямі, як сьцьвярджаюць сьледчыя, Латушка «прычыніў істотную шкоду дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, а таксама цяжкія наступствы ў выглядзе прычыненьня шкоды дзяржаве ў асабліва буйным памеры».
У кастрычніку 2021 году Сьледчы камітэт РБ распачаў крымінальную справу супраць Паўла Латушкі і Сьвятланы Ціханоўскай паводле артыкула аб самавольным прысваеньні званьня ці ўлады службовай асобы.
Сам Латушка, напісаў, што нагодай для крымінальнай справе мог паслужыць фільм «У тумане» Сяргея Лазьніцы паводле аповесьці Васіля Быкава.
«У 2012 годзе Нацыянальная кінастудыя „Беларусьфільм“ упершыню атрымала ўзнагароду на самым прэстыжным у сьвеце міжнародным Канскім кінафэстывалі за фільм па творы Васіля Быкава „У тумане“. І я памятаю, колькі намаганьняў прыкладала адміністрацыя Лукашэнкі, каб прымусіць мяне адмовіцца ад здымак гэтага фільма», — напісаў Латушка на сваім канале ў Telegram.
- Павал Латушка займаў пасаду міністра культуры Беларусі ў 2009–2012 гг., потым быў сталым прадстаўніком Беларусі пры UNESCO і адначасова амбасадарам у Францыі (2012–2019) і дырэктарам Купалаўскага тэатру (2019–2020).
- 17 жніўня 2020 году Латушку звольнілі з пасады дырэктара Купалаўскага тэатру. Прычынай звальненьня стала тое, што ён публічна асудзіў падаўленьне мірных пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў у Беларусі.
- Затым Латушка ўвайшоў у склад Прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Пакінуўшы Беларусь, узначаліў Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, створанае ў кастрычніку 2020 году.