Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Контрасанкцыі ад ГУБАЗіку і камінг-аўт пад катаваньнямі


Офіс A1 у Менску. Архіўнае фота
Офіс A1 у Менску. Архіўнае фота

8 сьнежня ўрад Беларусі ў адказ на санкцыі заходніх краінаў увёў шэраг захадаў, якія абмяжоўваюць імпарт прадуктаў харчаваньня з краінаў, што ўводзілі санкцыі адносна Беларусі.

Аднак, мяркуючы па ўсім, гэта не адзіныя контрасанкцыі, да якіх зьвярнуўся беларускі бок, піша Юры Дракахруст у блогу, апублікаваным на сайце zerkalo.io.

Затрыманьне вядомых прадстаўнікоў замежных кампаній — А1, Hyundaі, EPAM — можна разглядаць проста як пашырэньне кола ўнутраных рэпрэсій. Але можна — і як пралёг ці нават пачатак выгнаньня з краіны замежнага капіталу.

Гаворка ідзе аб затрыманьні прэс-сакратара кампаніі мабільнай сувязі А1 Мікалая Брэдзелева, начальніка аддзелу маркетынгу кампаніі «Hyundaі Аўтаград» Сяргея Бабашкова і галоўнага бізнэс-аналітыка ІT-кампаніі ЕРАМ Дзяніса Насуры.

Неўзабаве пасьля іх затрыманьня ў праўладных ТГ-каналах зьявіліся іх пакаянныя відэаролікі, ролікі Брэдзелева й Бабашкова зьмяшчалі інфармацыю пра іх інтымнае жыцьцё.

Любоў беларускіх праваахоўнікаў да падобных «пакаяньняў» — увогуле цікавы фэномэн. Для ўсяго сьвету такі жанр — сьведчаньне толькі аднаго: зьверскіх катаваньняў — псыхалягічных альбо фізычных, — якім падвяргаюцца людзі, якія агучваюць гэтыя «прызнаньні».

Ні пра што іншае гэтая відэапрадукцыя ня сьведчыць, а пра гэта — адназначна й недвухсэнсоўна. «Так, катуем, любога чалавека можна зламаць, мы гэта робім і ганарымся гэтым», — менавіта гэта й толькі гэта дэманструюць падобнымі сюжэтамі беларускія сілавікі.

Тут, вядома, багаты досьвед, пераемнасьць, непарушная сувязь пакаленьняў. Напрыклад, сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Васіль Шаранговіч на працэсе 1937 году «прызнаваўся» ў тым, што па заданьні польскай выведкі труціў калгасных сьвіней і коней.

«Пакаяньні» Брэдзелева, Бабашкова і Насуры ад тых «пакаяньняў» Шаранговіча не адрозьніваюцца роўна нічым.

Але ў іх выпадку ёсьць і дадатковыя, а можа, і найважнейшыя мэты.

У чэрвені сёлета прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка зрабіў вельмі паказальную заяву:

«Я спадзяюся, што гарачыя галовы астудзяцца хаця б у інтарэсах свайго бізнэсу ў Беларусі. Калі прычыняюць шкоду нашым кампаніям, нашым прадпрыемствам — мы што, ня маем права прычыніць шкоду заходнім кампаніям? Гэта адказ, да якога нас вымушаюць... Таму я б хацеў, каб палітыкі падумалі пра лёсы сваіх бізнэсаў... (Літва — практычна 300 кампаній, Кіпр — 250, Украіна — 200, Латвія — 160, Нямеччына — 150, Польшча — 140, Нідэрлянды — 72) — і гэта гаворка ідзе толькі пра буйныя кампаніі... Вядома, мы будзем змушаныя пераключацца, сыходзіць ад заходніх тавараў і тэхналёгій — і гэтыя краіны страцяць наш рынак».

Ну вось, «прычыненьне шкоды заходнім кампаніям» і «пераключэньне» і адбываецца — шляхам арыштаў і публічнага прыніжэньня мэнэджараў гэтых кампаній і саміх кампаній.

Прычым тут нават два шляхі дасягненьня мэты. Адзін — пазначаны ў тэлеграме Рыгора Азаронка й да таго падобных інфармрэсурсах: А1 — тэрарысты, нацыяналізаваць іх бізнэс. Ці пойдзе беларуская ўлада менавіта гэтым шляхам — гэта не Азаронкавага розуму справа. Але ён сваімі гарачымі філіпікамі пазначае, што такі варыянт ня выключаны.

А іншы шлях — рэпутацыйны, праз рашэньне саміх заходніх кампаній. Насуперак распаўсюджаным меркаваньням, Захад гандлюе й інвэстуе ў значнай ступені ўнутры сябе. І, скажам, аўстрыйская A1 Telekom Austrіa Group, уладальнік беларускай А1 — яна ж робіць інвэстыцыі па ўсім сьвеце, у Эўропе ў тым ліку.

Да арышту й зьнявагі Мікалая Брэдзелева гэтая кампанія магла ў сябе на радзіме й у іншых краінах ЭЗ, дзе ў яе ёсьць інвэстыцыі, тлумачыць: «Мы па-за палітыкай, busіness as usual, палітычныя праблемы краінаў, у якія мы інвэстуем, нас ня тычацца». Цяпер ня па-за, цяпер ня usual, цяпер тычацца.

І калі кампаніі, прыніжаныя ў Беларусі, захаваюць свой бізнэс у гэтай краіне, то гэта адгукнецца вельмі непрыемным для іх рэпутацыйным рэхам у іншых, больш цывілізаваных краінах, дзе ў іх таксама ўкладзеныя грошы.

Тэма сэксуальнай арыентацыі Брэдзелева й Бабашкова, якая прысутнічае ў іх «прызнаньнях», — гэта дадатковае прыніжэньне, дадатковая рэпутацыйная шкода кампаніям, у якіх яны працуюць, дадатковы матыў для гэтых кампаній сыходзіць з краіны, дзе такое магчыма.

Рэпутацыя — гэта для бізнэсу таксама актыў, нярэдка й даражэйшы, чым самі па сабе грошы.

Ну, і арышт мэнэджараў трох кампаній — гэта сыгнал усёй супольнасьці заходніх інвэстараў у Беларусь. Заўтра прыйдуць і па вашых мэнэджараў, заўтра «апусьцяць» і іх, і вас. Яно таго вартае?

І праграма Галоўчанкі, сфармуляваная ў чэрвені, будзе рэалізаваная натуральным чынам, рашэньнем саміх інвэстараў.

Рашэньнем тым больш натуральным, што Беларусь — не Расея і не Кітай. Для любога заходняга інвэстара беларускі кірунак — гэта мізэр у сусьветным маштабе. Грошай, вядома, шкада, нават невялікіх, але рэпутацыя даражэйшая прынамсі за невялікія грошы.

Не выключаю, што нейкія ўмоўныя «галубы» ў беларускім кіраўніцтве былі супраць такой камбінацыі: на іх думку, крамолу душыць можна і трэба, але ўсё ж замежныя інвэстыцыі — таксама справа важная і патрэбная. Але іншыя сілы стварылі fait accompli (факт, які адбыўся).

Зрэшты, магчыма, ня варта ўскладняць. Галоўчанка (а насамрэч — Лукашэнка) сфармуляваў мэту. Яна рэалізуецца ўсёй дзяржаўнай сыстэмай. Сам ён, зразумела, нікога не катаваў, але на тое ёсьць вельмі кваліфікаваныя і кампэтэнтныя выканаўцы.

Ні Сьвятлане Ціханоўскай, ні Паўлу Латушку і ня сьнілася магутнасьць, даступная сьціплым супрацоўнікам ГУБАЗіКу, каб стымуляваць сыход зь Беларусі заходняга бізнэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG