Палітзьняволеную Вольгу Класкоўскую паставілі ў СІЗА на два прафіляктычныя ўлікі і адпраўляюць у Навінкі на псыхіятрычную экспэртызу, паведамляе канал «Вясна: Палітвязьні Беларусі». Пра гэта праваабаронцы даведаліся ад маці палітзьняволенай.
У Вольгі праз гэта адбыўся доўгі этап зь берасьцейскага СІЗА-7, куды яе этапавалі каля трох тыдняў таму для правядзеньня сьледчых дзеяньняў у новай крымінальнай справе. Ужо 9 сьнежня маці даведалася, што дачку перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, а за пару дзён да гэтага Вольга прыслала ліст з баранавіцкага СІЗА-6. У лісьце ад 1 сьнежня Класкоўская напісала, што ў СІЗА яе паставілі адразу на два прафіляктычныя ўлікі: як «схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці» і як «схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў»:
«Матуля, апошняя катэгорыя азначае, што цяпер усюды па СІЗА маё перамяшчэньне будзе толькі ў кайданках, пры гэтым зашпільваюцца яны за сьпінай. Калі іду да доктара, у душ і г. д., я ўвесь час у кайданках. Больш за тое, нават на ранішняй і вечаровай праверках у камэры я таксама ў кайданках. Пра апошнюю катэгорыю расказалі ў калёніі № 4, а калёнія праінфармавала мяне літаральна за пару дзён да этапу ў Берасьце. І толькі на словах. Афіцыйна мяне пад подпіс з гэтай катэгорыяй ніколі не знаёмілі. Наконт усяго вышэйпералічанага я складаю скаргу ў Генпракуратуру, бо расцэньваю гэта як катаваньне і палітычныя рэпрэсіі».
22 сьнежня летась Вольгу асудзілі на 2 гады калёніі паводле ч. 1 арт. 342 КК за перакрыцьцё руху транспарту ў менскім мікрараёне Серабранка. Пазьней на яе завялі новую крымінальную справу паводле арт. 369 КК за камэнтар у сацыяльных сетках, у якім Вольга нібыта абразіла міліцыянта зь Берасьця. У няволі Класкоўскую неаднаразова зьмяшчалі ў карцар і ў памяшканьне камэрнага тыпу.
Фядута ў зьняволеньні дапісвае кнігу «па Караткевічу»
Жонка палітвязьня Аляксандра Фядуты Марына Шыбко атрымала ад яго ліст. Яна піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
«Ужо восем месяцаў як „змоўнік“ пад вартай і ў замку ўжо „Пішчалаўскім“. Навін асаблівых не перадаў, піша, ад 5.12, што ўжо тыдзень ад мяне няма ліста, даслаў вершык на паштоўцы з выявай Парыжу. „Заканчваю кнігу па Караткевічу, напісаў 46 артыкулаў, засталося 4, таму я іх доўга прадумваю, да канца тыдня дапішу і застанецца толькі пасьляслоўе“. Падаў заяўку ў бібліятэку, спадзяецца, што з 10 замоўленых кніг хаця б 5 дадуць».