Мікіта Емяльянаў зноў у ШЫЗА
Анархіста Мікіту Емяльянава зноў кінулі ў штрафны ізалятар. Агулам ён прабудзе там 30 дзён. 17 лістапада, праз тыдзень пасьля выхаду з ШЫЗА, палітвязьню зноў вынесьлі спагнаньне ў 10 сутак за тое, што ён адмовіўся выканаць патрабаваньне адміністрацыі прыбраць дворык для шпацыру, піша «Вясна».
Пасьля гэтага на палітзьняволенага было накладзенае яшчэ адно спагнаньне ў выглядзе 10 дзён ШЫЗА за тое, што ён ляжаў на падлозе ў камэры ізалятара. А 7 сьнежня Емяльянаву прызначылі яшчэ 10 содняў трыманьня ў ізалятары «за міжкамэрную сувязь». Таксама Мікіта заўважыў, што порцыі ежы ў турме зрабілі значна меншымі. Калі Емяльянаў папрасіў паболей ежы, то атрымаў адмову. Тады на знак пратэсту палітзьняволены аб’явіў галадоўку і нічога ня еў пяць з паловай дзён. 7 сьнежня хлопец ужо павячэраў, але порцыі ежы дагэтуль выдаюць маленькія.
Мікіта Емяльянаў асуджаны за напад на будынак СІЗА і Менскага гарадзкога суду. Яму далі 4 гады зьняволеньня.
Гаянэ Ахтыян перавялі ў СІЗА на Валадарскага
Маці анархіста Рамана Халілава Гаянэ Ахтыян перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску. 56-гадовая жыхарка Полацку, маці актывіста анархісцкага руху, які ўцёк зь Беларусі, перавялі ў менскае СІЗА № 1 на Валадарскага. Пра гэта паведаміў сам Раман, піша Reform.by.
Вядома, што ў пятніцу, 10 сьнежня жанчыну наведаў адвакат. Ёй прынесьлі перадачу. Яна пачуваецца нармальна.
Гаянэ Ахціян спачатку адседзела 10 сутак па адміністрацыйным артыкуле, а затым на яе завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Раман Халілаў лічыць гэта помстай улады за сваю дзейнасьць — на яго заведзены дзьве крымінальныя справы, ён уцёк у Польшчу.
Вользе Гарбуновай прад'явілі абвінавачваньне па двух артыкулах
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што актывістку Вольгу Гарбунову абвінавачваюць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1, 2 і 3 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) і ч.1 і 2 арт. 342 (неаднаразовае парушэньне правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Справу супраць актывісткі вядзе маёр сьледчай групы УСК па Менску Кудрэйка.
9 лістапада экс-кіраўніцу арганізацыі «Радзіслава» затрымалі з падазрэньня ў арганізацыі жаночых маршаў у 2020 годзе. З моманту затрыманьня яна трымала галадоўку ў ІЧУ на Акрэсьціна. Пасьля дзесяці дзён яе перавялі ў СІЗА-1. Пакуль яна знаходзіцца ў зьняволеньні, у яе памёр бацька.