Пасьля вызваленьня Юры Казакевіч расказаў Intex-press, як арышт адбіўся на ім і яго жыцьці. Падставай для затрыманьня, ператрусу і арышту, па словах Юрыя, стаў рэпост «зусім бяскрыўднай навіны» аднаго зь беларускіх парталаў, прызнанага зь нядаўняга часу «экстрэмісцкім». Пры гэтым перадрук зроблены 14 месяцаў таму, калі такога статусу партал ня меў.
Аднак за гэта Казакевіча атправілі пад арышт на 15 сутак, а відэа ягонага допыту, на якім ён апавядае пра сябе і прычыны затрыманьня, выклалі ў інтэрнэт.
«Сьледчы сказаў, што відэа трэба запісаць для ўнутранага карыстаньня, каб у выпадку чаго можна было зразумець, у каго што канфіскоўвалі. Таму я не чакаў, што яно будзе ў інтэрнэце. Да практыкі апублікаваньня такіх відэа я стаўлюся рэзка адмоўна. Але да таго, што выклалі відэа са мной, паставіўся спакойна, бо не сказаў нічога, што зганьбіла б мяне ці магло б нашкодзіць камусьці іншаму».
З ІЧУ Баранавіцкага ГАУС, дзе адбываў «суткі», Юры выйшаў на пачатку сьнежня.
«Гэтыя 15 сутак сталі штуршком для зьмены іміджу. Я схадзіў у барбэршоп, за час арышту схуднеў на чатыры кіляграмы».
Выйшаўшы з ІЧУ, актывіст даведаўся, што, пакуль сядзеў «на сутках», нехта ў Баранавічах зьбіраў для яго грошы, нібыта на перадачу ў ІЧУ. Але паколькі ніякай перадачы ў выніку ён не атрымаў, а асоба, якая зьбірала, нікому са знаёмых не вядомая, Юры мяркуе, што хтосьці мог проста скарыстацца сытуацыяй у асабістых мэтах. Цяпер Юры Казакевіч імкнецца ўліцца ў звыклы рытм жыцьця. Ён вярнуўся ў сваю краму «Росквіт», але справы там ідуць ня вельмі, бо людзі настолькі напалоханыя, што даходзіць да абсурду.
«Людзі баяцца купіць белую сукенку з чырвонай вышыўкай або нават чорную маску, на якой вышыты чырвоны сымбаль. Гэта дзіўна, бо ў маёй краме ў тым ліку прадаецца і прадукцыя дзяржаўнага прадпрыемства, Слонімскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, якую можна знайсьці ў многіх дзяржаўных крамах па ўсёй краіне», — кажа прадпрымальнік.
Нягледзячы на тое, што Юры цяпер на свабодзе, ён кажа, што не адчувае сябе ў бясьпецы.
«Ні аб якой упэўненасьці ў заўтрашнім дні ў наш час ня можа ісьці гаворкі. Я, як і многія іншыя людзі, разумею, што ў любы момант можа адбыцца ўсё што заўгодна. І гэта зусім не залежыць ад таго, праяўляў ты нейкую актыўнасьць цягам апошняга году ці не. Для абвінавачаньня дастаткова перапосьціць рэцэпт навагодняй салаты зь „няправільнай“ крыніцы».