Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвясьцілі выракі лідэрам гурту Irdorath, якія гралі на маршах пратэсту


Музыкі гурту Irdorath падчас пратэстаў 2020 г.
Музыкі гурту Irdorath падчас пратэстаў 2020 г.

Удзельнікаў фолк-гурту Irdorath 14 сьнежня пакаралі за «музычнае суправаджэньне» мінулагодніх пратэстаў: суд прызначыў Уладзімеру і Надзеі Калач па 2 гады зьняволеньня.

Пра вырак паведамляе @by_culture.

Суд Савецкага раёну Менску 9 сьнежня пачаў разгляд крымінальнай справы палітвязьняў Уладзімера і Надзеі Калач, якіх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342 КК) і навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, фінансаваньні ці іншым матэрыяльным забесьпячэньні (ч. 2 арт. 342 КК).

Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Якунчыхін, дзяржабвінаваўца — памочніца пракурора Вольга Емяльянчанка. На мінулым тыдні пракурорка запрасіла для Надзеі і Ўладзімера Калачоў 2 гады турэмнага зьняволеньня.

У справе некалькі эпізодаў — удзел у маршах пратэсту 16 жніўня, 6 верасьня і 25 кастрычніка 2020 году. Музыкі віну ў судзе прызналі толькі па частцы першай арт. 342, другую — навучаньне і фінансаваньне асобаў для групавых дзеяньняў — адмовілі.

Людзі са зброяй затрымалі 2 жніўня 2021 году 14 чалавек на сьвяткаваньні дня народзінаў Надзеі Калач. Спачатку ўсіх вінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП) — маўляў, не адчынілі вароты дому пад Менскам. Чатырох чалавек аштрафавалі ў судзе Менскага раёну на сумы ад 870 да 1160 рублёў. А на шасьцярых завялі крымінальныя справы — гэта Ўладзімер Калач, Надзея Калач, Антон Шніп, Пётра Марчанка, Павал Шмыга, Юлія Юніцкая.

Прэс-служба МУС паведамляла, што «ў жніўні 2020 году група „дудароў“ неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў і з выкарыстаньнем музычных інструмэнтаў залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян». Пэрформанс каардынатараў «узмацняў пратэставы настрой удзельнікаў».

Першым паводле артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак) вынесьлі 29 кастрычніка прысуд Зьмітру Шыманскаму. Справу разглядаў судзьдзя Алег Каляда. Згодна з абвінавачаньнямі, 16 жніўня 2020 году Зьміцер Шыманскі разам зь Пятром Марчанкам, Юліяй Юніцкай, Надзеяй Калач, Уладзімерам Калачом, Антонам Шніпам на вуліцы Леніна ў Менску «рухаўся ў натоўпе, публічна выкрыкваў лёзунгі, перакрываў праезную частку, адмаўляўся падпарадкоўвацца патрабаваньням міліцыянтаў».

Вырак — 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Аднак дудар гурту Irdorath ня стаў чакаць «разьмеркаваньня на хімію» і выехаў зь Беларусі. Цяпер ён у Варшаве.

Irdorath — папулярны ў Беларусі і за яе межамі фэнтэзі-фольк-гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку, выкарыстоўвае дуды, ліру, бузукі, дзякуючы аўтэнтычным інструмэнтам мае ўнікальнае гучаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG