Сьцісла:
- Чытачы сацыяльных сетак прагаласавалі за Беларускае слова 2021 году. Гэта магло быць як новае для беларускае мовы слова, так і даўняе, але асабліва важнае сёлета.
- Перамагло з істотным адрывам слова чабор — назва пахучай кветкі і зёлкі. Многія галасавалі за яго ў складзе паэтычнае цытаты „Пахне чабор“.
- Слова чабор унікальна беларускае. Яно — адзін з кодаў беларускай ідэнтычнасьці, тэст пазнаваньня „сваіх“.
- А выраз „пахне чабор“ ня толькі рамантычны, як у цэлым верш Петруся Броўкі. Ён і пра непераможнасьць і вечнасьць беларушчыны — як і выраз „Жыве Беларусь!“
- На наступных месцах словы годнасьць і палітвязень — знакавыя ў Беларусі нашых дзён.
- Сярод іншых прапановаў: надзея, ліст салідарнасьці; экстрэміст, уцякач, мігрант; прышчэпка, маска.
- А словы году іншых моваў сёлета пераважна зьвязаныя з пандэміяй.
Пахне чабор. П. Броўка — Л. Вольскі (2010)
Як выбіралі
Беларускае слова году выбіраюць ужо восьмы раз. Як і апошнімі гадамі, чытачы сацыяльных сетак разам з экспэртамі — журналістамі і мовазнаўцамі — вылучылі 10 словаў у „кароткі сьпіс“, а потым выбіралі пераможцу. Галасавалі ў Фэйсбуку, Інстаграме, Тэлеграме, Ютубе чатыры тысячы зацікаўленых носьбітаў беларускае мовы.
Пакуль у конкурсе няма асобных намінацыяў. Спаборнічаюць словы як і новыя, так і даўнія, але вельмі важныя і частыя ў адпаведным годзе.
Забівае заразу, суцішае боль
За чабор прагаласавалі 29,3% удзельнікаў.
Словам чабор па-беларуску называюць некалькі відаў расьлін роду Thymus сямейства ясноткавых. Найперш гэта чабор звычайны (або паўзучы) Thymus serpyllum (іншыя народныя назвы цымбер, цэбрык, калатовічкі). У гаворках чабаром могуць назваць расьліну іншага роду — Satureja hortensis.
Па-расейску тимьян ползучий (навуковая назва), а таксама богородская трава, чабрец.
Расьліна — лекавая: забівае мікробаў, заспакойвае боль. Дзякуючы этэрнаму алею з тымолам мае непаўторны духмяны пах. Адна з найбольш папулярных у Беларусі зёлак для запарваньня.
У слове старажытны праславянскі корань, падобныя словы ёсьць у розных славянскіх мовах (прычым могуць азначаць розныя расьліны). Але форма чабор унікальна беларуская. Літоўскі čiobras пазычаны з нашай мовы.
У гаворках скланялася зь беглым галосным: чабор — чабру, так у слоўніку Івана Насовіча (1870), там жа канкрэтны прыклад карысьці ад зёлкі: крупнік з чабром.
У сучаснай літаратурнай мове галосныя захоўваюцца. Асноўная норма — націскі на канчатках: чабарý, чабарóм. „На чабары́ настоена“ — кніга паэзіі няскоранай Ларысы Геніюш (1982):
Сонейка.
Клёкат бусьліхі.
Грабельніцы – на сенажаць.
З хаты выходжу паціху,
каб раніцы не спужаць.
Яна ля майго парога,
сьвежая, у расе.
Вецер з шырокіх разлогаў
пах чабаровы нясе.
(...)
Стаю на парозе.
Сьмяюся.
На шкле заламаўся прамень.
Галёкае зь ніў Беларусі
нованароджаны дзень.
(„Раніца“)
„Пахне чабор“? Свой, праходзь
У сеткавых дыскусіях іншаземныя ўдзельнікі дзівіліся — чаму назва сьціплае кветкі мае такі магнэтызм? Ёсьць на тое і гістарычныя, і падсьвядомыя, і актуальныя прычыны.
Невыпадкова чабор — неад’емны вобраз нашага фальклёру. Танец „Чабор“ прафэсійна ставіў яшчэ Ігнат Буйніцкі, прычым „танцорам прыйшлося бясконца бісаваць на запатрабаваньні публікі“ (як сьведчыў Алесь Бурбіс). А вось традыцыйная веснавая песьня:
— Ой, вясна, вясна, вясенечка,
Вясенечка,
Дзе твая дачка Тацяначка,
Тацяначка?
— Да й у гародзе чабор поле,
Чабор поле.
Ой, чабор поле, песьні пяе,
Песьні пяе.
Чабор і яго водар — абавязковы атрыбут клясычнай і сучаснай беларускай паэзіі. Верш Петруся Броўкі „Пахне чабор“ як мала які іншы паэтычны твор натхняў і натхняе кампазытараў і музы́каў розных пакаленьняў і жанраў — ад „Песьняроў“ да хрыпатых мэталістаў Litvintroll. Я налічыў прынамсі шэсьць вэрсіяў мýзыкі на радкі рамантычнага ўспаміну:
Хiба на вечар той можна забыцца?
…Сонца за борам жар-птушкай садзiцца,
Штосьцi сьпявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор, пахне чабор…
Пахне чабор. П. Броўка — В. Іваноў. „Сябры“ (1977)
Дзякуючы і школе, і песьням выраз ведаюць практычна ўсе беларусы — гэта ідылічны вобраз Радзімы. Нават рассыпаныя па краіне з савецкіх часоў „Чабаркі“ — рэстараны, кавярні і дамы адпачынку, як і ліманад „Чабарок“, не прывялі да баналізацыі і дэвальвацыі вобразу.
Чабор — сынонім Беларусі. Таму і ажыла сёлета ў гэтым слове генэтычная памяць. Выявілася, што гэта адзін з нашых шыболетаў (г. зн. код распазнаваньня „свой — чужы“). А выраз „Пахне чабор!“ — пра непераможнасьць і вечнасьць беларушчыны. Як і выраз „Жыве Беларусь!“.
Пахне чабор. П. Броўка — гурт „Спрат“ (Берасьце, 2006)
Словы ня менш важныя
Наступнае ў рэйтынгу галасаваньня слова годнасьць. Слова і якасьць сёлета для беларусаў вельмі важныя. Чалавека годнага, г. зн. дастойнага, вартага, які шануе іншых і не дазваляе прыніжаць сябе, зламаць немагчыма.
Нязломны палітвязень. Змрочнае слова-знак у калектыўнай гістарычнай памяці беларусаў навечна зьвяжацца з прамінулым годам, калі ў краіне зноў зьявіліся тысячы ўвязьненых за свабодную думку.
Гэта скарот ад „палітычны вязень“. Словаўтваральная мадэль — з Савецкай Расеі 1920-х гадоў. Але, відаць, невыпадкова слова мае такую будову.
Вязень — бо ўвязьнены ў вязьнíцы. Слова даўняе, у пісьмовых помніках з XVI стагодзьдзя. Сынонім — зьняволены (тут дзеепрыметнік набыў ролю назоўніка). Таксама даўняе: „Зьнясі абавязкі ўцісьненых, зьняволеных пусьці вольнымі!“ (Эвангельле вучыцельнае, Еўе, 1616).
На актуальнае пытаньне „Як гучыць форма жаночага роду ад слова палітвязень?“ адказ — у беларускай мове яе няма. Мова пярэчыць самой такой зьяве, фэмінітыву ад слова вязень у нас не было ані ў эпоху ВКЛ, ані пазьней. Ужываем форму палітзьняволеная.
Сярод іншых словаў, якія вылучалі чытачы, — надзея і ліст салідарнасьці, экстрэміст, уцякач і мігрант. Урэшце прышчэпка і маска, якія, аднак, засталіся ў ніжняй частцы рэйтынгавай табліцы, бо наперад выйшлі слоўныя праявы беларускай ідэнтычнасьці і салідарнасьці.
Словы 2021 году ў іншых мовах
Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн), якое акурат 50 гадоў таму пачало традыцыю выбіраць Слова году, выбрала слова der Wellenbrecher — літаральна „хвалялом“: у першым значэньні ён для абароны ад марскіх хваляў, але сёлета, пасьля некалькіх хваляў атакі каранавірусу, словам пачалі называць розныя захады, каб спыняць хвалі пандэміі.
Два аўтарытэтныя лексыкаграфічныя цэнтры ангельскай мовы — брытанскі Oxford English Dictionary і амэрыканскі Merriam-Webster — назвалі амаль адно і тое Слова году: амэрыканцы — стандартнае vaccine, а брытанцы яго гутарковы варыянт vax: „Слова vax, больш за кожнае іншае, зрабіла іньекцыю самога сябе ў крывацёк ангельскае мовы ў 2021 годзе“, — сказана ў оксфардзкім прэс-рэлізе.
У сьвеце ўжо ёсьць Словы году ў розных намінацыях.
Так, расейская экспэртная супольнасьць пры ўдзеле чытачоў сацыяльных сетак галасуе асобна за Нэалягізм году. (Калі б у нас была такая намінацыя, то летась прэтэндэнтам было б слова ябацька.) А дзяржаўны Інстытут расейскай мовы імя Пушкіна, як сьцьвярджаецца, на падставе машыннага аналізу тэкстаў масавай камунікацыі абвяшчае толькі адно — ключавое слова самай рэзанансавай тэмы году, і сёлета гэта (прадказальна) „спутник“.
Таварыства літоўскай мовы і Інстытут літоўскай мовы ў лютым абвесьцяць ня толькі Слова, але і Прыказку году. Сярод прэтэндэнтаў нэалягізм skieptikas — гібрыд назоўніка skeptikas зь дзеясловам skiepyti ‘шчапіць, прышчапляць’, а таксама фразачка Į Belorusiją – ankstyvųjų bulvių ir vėlyvojo komunizmo („У Белорусію раньняй бульбы і позьняга камунізму“).
Ладзяць асобнае галасаваньне за моладзевае слова году польскае навуковае выдавецтва PWN у супрацы з Варшаўскім унівэрсытэтам (вынікі за 2021 год абвесьцяць пазьней), нямецкае выдавецтва слоўнікаў Langenscheidt. Сёлета нямецкая моладзь прагаласавала за Cringe ‘сорам за іншага, „гішпанскі сорам“’, жыўцом з ангельскай, што занепакоіла нямецкіх абаронцаў культуры мовы. Аўтарытэтны нямецкі лексыкаграфічны цэнтар Duden праводзіць галасаваньне ў намінацыях das Wort und Unwort des Jahres — літаральна „слова“ і „няслова“, г. зн. кепскае слова (параўн. у нас пагода — непагадзь). Такім Unwort, прыкладам, у 2019-м была Klimahysterie.
Урэшце, сьцяг пурызму ўзьнімае харвацкі часопіс Jezik. Ён штогод уручае прэмію імя доктара Івана Шрэтэра (лекара, які ў камуністычнай Югаславіі пацярпеў за ўжываньне харвацкае мовы) за „найлепшае новае харвацкае слова“, якім можна замяніць „беспадстаўна пазычанае“. У сёлетнім кароткім сьпісе словаў-прэтэндэнтаў бачым некалькі зьвязаных з каранавірусам: velepošast = pandemija, dišnik = respirator, subolesti = komorbiditeti (‘спадарожныя хваробы’). Velepošast падказвае, што і ў нас мела б шанец аднавіцца ў масавай моўнай памяці слова пошасьць ‘эпідэмія’.
Даведка пра „Слова году“
„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню гэта зрабіла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хоць гэта пажадана), але яно мае быць частым і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць запытаў) або істотна памяняць значэньне.
„Беларускія словы году“
Упершыню „Беларускае слова году“ выбрала Беларуская служба Радыё Свабода ў 2014 годзе. Спачатку выбіралі некалькі запрошаных экспэртаў, потым экспэртная камісія складалася з журналістаў і мовазнаўцаў, а з 2017 году сьпіс для галасаваньня складаюць як экспэрты, так і чытачы сацыяльных сетак. Апошнія і галасуюць за найбольш папулярнае слова.
„Беларускімі словамі году“ былі: