Такое рашэньне зацьвердзіў Савет міністраў 10 сьнежня.
Цягам трох месяцаў нельга будзе вывозіць з краіны муку зь мяккай пшаніцы і спельты. Абмежаваньні датычаць краінаў за межамі ЕАЭС. Выключэньне складае гуманітарная дапамога замежным дзяржавам.
Раней старшыня Савету міністраў Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову ўраду, якая забараняе ўвоз на тэрыторыю краіны групы тавараў — каб «забясьпечыць абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь». Аглядальнікі ацанілі гэта як адказ на ўвядзеньне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
У пастанове вызначаны пералік тавараў, якія паходзяць з Эўрапейскага Зьвязу і яго дзяржаў-сябраў, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады, Каралеўства Нарвэгія, Рэспублікі Альбанія, Рэспублікі Ісьляндыя, Рэспублікі Паўночная Македонія, Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Чарнагорыі, Швайцарскай Канфэдэрацыі.
У пералік забароненых тавараў уваходзяць:
- жывыя сьвіньні,
- мяса буйной рагатай жывёлы, сьвежае альбо ахалоджанае,
- мяса буйной рагатай жывёлы замарожанае,
- субпрадукты буйной рагатай жывёлы і іншых жывёлаў (у тым ліку сьвіней, авечак, козаў, аслоў),
- мяса і харчовыя субпрадукты хатняй птушкі,
- мяса салёнае, у расоле, сушанае і вэнджанае, харчовая мука зь мяса і мясных субпрадуктаў,
- малако і малочная прадукцыя, за выключэньнем безьляктознай прадукцыі,
- гародніна, за выключэньнем той, што выкарыстоўваецца для пасеву,
- садавіна і арэхі,
- тлушч сьвіней, птушкі, авечак і козаў, лярд-стэарын і іншыя жывёльныя маслы,
- каўбасы і аналягічныя прадукты,
- кандытарскія вырабы (акрамя какава-парашку),
- соль.
2 сьнежня Эўразьвяз увёў у дзеяньне пяты пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі, у яго ўключылі 17 фізычных асоб і 11 арганізацый. У адказ кіраўніцтва краіны заявіла, што падрыхтуе «асымэтрычныя» крокі. Празь некалькі дзён пасьля таго новыя абмежаваньні ўвялі ЗША.