Дырыжор, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг памёр на 75-м годзе жыцьця, паведаміў тэлеканал АНТ.
Разьвітацца зь Міхаілам Фінбергам можна будзе 13 сьнежня з 11-й да 14-й гадзіны ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі.
Імя Міхаіла Фінберга найперш асацыюецца з Дзяржаўным канцэртным аркестрам, піша Zerkalo. Ён нязьменна ўзначальваў гэты калектыў з часу яго заснаваньня — з 1987 года. Разам з аркестрам, які Фінберг называў сваёй сям’ёй, Міхаіл Якаўлевіч абʼехаў ўсю Беларусь.
Сярод заслуг Фінберга — папулярызацыя беларускай музыкі і паэзіі. Ён быў ідэйным натхняльнікам Нацыянальнага фэстывалю беларускай песьні і паэзіі, які пачаў праводзіцца ў Маладэчне з 1993 года (арганізатарам форуму быў мэр горада, папулярны палітык Генадзь Карпенка).
Фінберг нарадзіўся ў Мазыры 21 лютага 1947 года. Скончыў менскую кансэрваторыю па спэцыяльнасьці «аркестравае дырыжыраваньне» (паступіў туды зь пятай спробы) і асьпірантуру пры ёй. Граў у аркестры Беларускага радыё і тэлебачаньня.
Сорак гадоў таму прозьвішча Фінберг асацыявалася ў менчукоў перш за ўсё з цыркам. Сямнаццаць гадоў ён быў дырыжорам і галоўным дырыжорам аркестра гэтай установы. Напісаў музыку да больш чым 150 спэктакляў і працаваў з савецкімі зоркамі — Карандашом, Алегам Паповым, Ігарам Кіа і прадстаўнікамі дынастыі Запашных.
У свой час Фінберг атрымаў вядомасьць сярод людзей, далёкіх ад беларускай музыкі: яго калектыў чатыры гады працаваў з папулярнай тэлепраграмай «Угадай мэлёдыю». Як расказваў яе вядучы Валдзіс Пельш, музыканты працавалі ў шалёным рытме: першыя 143 выпускі перадачы былі зьняты за 40 дзён.
Маэстра стаў першым беларусам, які ўдзельнічаў у «Эўрабачаньні». У 1995 годзе музыканты Фінберга пад ягоным кіраўніцтвам дапамагалі выступаць на гэтым конкурсе Філіпу Кіркораву.
Фінберга прызналі народным артыстам Беларусі, ляўрэатам ордэна Францыска Скарыны, прэміі Саюзнай дзяржавы, ганаровым грамадзянінам Мазыра і Нясьвіжу.