З краінаў былога СССР на саміце будуць лідэры дзяржаваў Балтыі, а таксама Ўкраіны, Малдовы, Грузіі і Армэніі. Ад Беларусі запрасілі Сьвятлану Ціханоўскую. Няма Расеі, Кітаю і Турэччыны. Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў раскрытыкаваў ідэю саміту, назваўшы яго «спробай правесьці новыя разьдзяляльныя лініі».
На саміце плянуецца ўзьняць пытаньні барацьбы з карупцыяй, павышэньня ўстойлівасьці дэмакратыі, абароны правоў чалавека і абароны ад аўтарытарызму. Мэта саміту — «сфармуляваць пазытыўны парадак дня дэмакратычнага абнаўленьня».
Двухдзённы саміт праводзіцца ў рамках выкананьня перадвыбарнага абяцаньня Байдэна ўмацоўваць дэмакратыю ва ўсім сьвеце на тле ўздыму аўтакратычных урадаў.
Сьвятлана Ціханоўская выступіць 10 сьнежня на тэму ўмацаваньня дэмакратыі і абароны ад аўтарытарызму.
8 сьнежня ў рамках Саміту прайшла дыскусія аб сытуацыі з палітычнымі вязьнямі ў сьвеце і аб тым, як можна ім дапамагчы. Адкрыў дыскусію дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Голасам Марыі Калесьнікавай і ўсіх беларускіх палітвязьняў стала сястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч.
«Я зраблю ўсё магчымае, каб вызваліць Марыю,» – сказала яна.
Відэа паседжаньня з расейскім перакладам тут.
Сярод удзельнікаў дыскусій на Саміце таксама старшыня Эўракамісіі, прэзыдэнты і кіраўнікі ўрадаў шэрагу краін, кіраўнікі кампаній, грамадзкіх арганізацый, дыпляматы.
Паводле адміністрацыі Белага дома, сусьветным лідэрам будзе прапанавана абвясьціць аб «канкрэтных мерах і абавязаньнях ў правядзеньні значных унутраных рэформаў» у адпаведнасьці з дэмакратычнымі мэтамі.
Незадоўга да саміту ўплывовы вашынгтонскі аналітычны цэнтар Атлянтычная рада (The Atlantic Council) апублікаваў разважаньні і рэкамэндацыі сваіх экспэртаў аб тым, як зрабіць мерапрыемства пасьпяховым. Аўтары артыкулу, сярод іншага, зыходзяць з таго, што Вашынгтон на саміце сфакусуе ўвагу на падтрымцы «вольных і незалежных СМІ, гарантыях свабодных дэмакратычных выбараў», а таксама падтрымцы актывістаў. Гаворачы пра абавязаньні, якія могуць быць узятыя ў пляне ўмацаваньня дэмакратыі, яны адзначаюць, што такімі можа стаць прыняцьце іншымі краінамі сваіх вэрсій дзейнага ў ЗША закону Магніцкага як мэханізму для санкцый у адказ на парушэньні правоў чалавека.