Палітзьняволенага палітоляга Аляксандра Фядуту перавялі ў СІЗА № 1 Менска, паведамляюць ягоныя калегі. Пра гэта інфармуе БАЖ.
Да гэтага на працягу амаль васьмі месяцаў Фядута ўтрымліваўся ў СІЗА Камітэту дзяржбясьпекі.
Палітоляг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута абвінавачваецца ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Сёлета ў красавіку яго затрымалі ў Маскве і вывезьлі ў Беларусь. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў аб раскрыцьці «дзяржперавароту» і рыхтаванага «замаху» на яго.
Па гэтай жа справе таксама праходзяць палітык Рыгор Кастусёў і юрыст Юрась Зянковіч. Новы адрас для ліставаньня: 220030, Менск, вуд. Валадарскага, 2. Фядута Аляксандар Іосіфавіч.