Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для мяне паводзіны Эдуарда на судзе ня сталі нечаканасьцю», — жонка Пальчыса пра пачатак працэсу


Архіўнае фота 5 чэрвеня 2018. Эдуард Пальчыс на акцыі пратэсту ў Курапатах ля рэстарацыі «Паедзем, паядзім»
Архіўнае фота 5 чэрвеня 2018. Эдуард Пальчыс на акцыі пратэсту ў Курапатах ля рэстарацыі «Паедзем, паядзім»

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да блогера Эдуарда Пальчыса. Суд зрабілі закрытым. На пачатку працэсу палітвязень адмовіўся ўставаць, заявіў адвод судзьдзі Пятру Арлову і папрасіў самога яго, Пальчыса, выдаліць з залі.

Пагаварылі з жонкай Эдуарда Вікторыяй Пальчыс, даведаліся, як яна ўспрыняла ўчынак мужа.

Пасьля затрыманьня палітычнага блогера і актывіста Эдуарда Пальчыса ўвосень 2020 году Вікторыя зьехала за мяжу, у сьнежні нарадзіла дачку Эмілію. Некалькі разоў парывалася вярнуцца ў Беларусь, аднак Эдуард не дазваляў, казаў, што гэта пакуль небясьпечна. Натуральна, на судзе яна не прысутнічае. На судовае паседжаньне ў Менск прыехалі бацькі Эдуарда, якія жывуць у Лідзе.

«Бацькі былі ў залі паседжаньня, бачылі сына, але не маглі нават памахаць, жэстамі прывітацца, бо судзьдзя іх спыніў: „невэрбальныя знакі не дазволеныя“. Яны кажуць, што ён добра трымаецца, добра выглядае, крыху схуднеў, але вельмі бледны, бо больш за год ня бачыў сонца. Прыкладна цягам гадзіны яны знаходзіліся ў залі, але потым працэс зрабілі закрытым, і ўсіх выставілі з залі», — кажа Вікторыя.

Вікторыя Пальчыс
Вікторыя Пальчыс

Яна прызнаецца, што не была зьдзіўленая ўчынкам Эдуарда, калі ён назваў суд «цыркам» і заявіў, што ня хоча ў ім удзельнічаць. Да таго ж папрасіў выдаліць з залі і яго самога.

«Я не магу сказаць, што чакала, што Эдуард нешта такое зробіць. Але я і не магу сказаць, што для мяне гэта стала нечаканасьцю. Бо Эдуард вельмі шчыры ў сваіх паводзінах, і для яго такія рэчы, як павага да суду, — гэта не сымбалічны жэст. То бок устаць перад судзьдзём, калі ён не паважае суд, для яго непрымальна. Пашану ён ня будзе праяўляць, калі ня лічыць суд сапраўдным і справядлівым. То бок для мяне гэта ня стала нечаканым».

«Мне падаецца, што Раман Пратасевіч сабой ужо не распараджаецца»

Вікторыя ведае, што адным са сьведак на судзе будзе Раман Пратасевіч, зь якім сям’я Пальчысаў раней сябравала.

«Мы з Ромам раней часта стасаваліся, Рома бываў у нас з Эдзікам у гасьцях. Хлопцы разам стаялі ў Курапацкай вахце, у Эдуарда і Рамана былі сяброўскія, таварыскія адносіны.

Зараз, мне здаецца, Рома ў вельмі складанай сытуацыі. Я ня ведаю, як ён будзе сябе паводзіць у якасьці сьведкі, бо ён ужо пайшоў па шляху супрацоўніцтва.

І калі ён чакаў сумленнасьці, шчырасьці з таго боку, кшталту „я вам скажу тое і тое, усё раскажу, а вы за гэта адпаведна паставіцеся да мяне“, — ён моцна памыляўся. І зараз Раман робіцца нейкім інструмэнтам у іх руках. Таму я яму моцна не зайздрошчу. Ня ведаю, што ён будзе ў судзе казаць, але мне падаецца, што Раман Пратасевіч сабой ужо не распараджаецца», — выказала меркаваньне Вікторыя Пальчыс.

За некалькі дзён да пачатку працэсу Вікторыя Пальчыс у інтэрвію Свабодзе прызналася, што ўсьведамляе, на які вялікі тэрмін могуць асудзіць яе мужа. Але аптымізму яна ня траціць.

«Трэба маліцца за Эдуарда, за ўсю сытуацыю ў краіне, каб яна хутчэй вырашылася. Таму што ня можа так доўга трымацца такое відавочнае і непрыхаванае зло. Таму найперш трэба маліцца.

Трэба пісаць лісты палітвязьням, хоць яны дрэнна даходзяць. Мне падаецца, гэта вельмі важна і для тых людзей, што пішуць: яны самі не забываюцца на палітвязьняў у турмах, якім патрэбна спачуваньне, дапамога, і гэта надае сілы і тым, хто піша.

Зразумела, мне трымацца вельмі дапамагае дачка. Яна надае сіл, эмоцый, сэнсу жыць. Ёсьць Эмілія — гэта значыць, ёсьць што рабіць, ёсьць чым заняцца», — прызнаецца Вікторыя.

Адвакатка Эдуарда Пальчыса пад падпіскай аб неразгалошваньні. Яна паведамляе толькі агульную інфармацыю — як здароўе, як настрой. На яе думку, суд ня будзе ісьці доўга, прысуд могуць абвясьціць да Новага году.

Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў КК:

  • арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
  • арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

Максымальнае пакараньне па гэтых артыкулах — да 12 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG