Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, якая краіна выдала футбольнаму кіраўніку Базанаву шэнгенскую візу


Гэта праз крыніцы ў паліцыі даведалася аўтарытэтнае чэскае выданьне Deník N.

Старшыня беларускага футболу Уладзімер Базанаў, якога на мінулым тыдні паліцыя выслала з Чэхіі, атрымаў візу ў Шэнгенскую зону з Вугоршчыны, сьцьвярджае Deník N.

«Сёньня ў Беларусі прасьцей за ўсё атрымаць шэнгенскую візу праз гэтую краіну, выкарыстоўваючы высокія палітычныя кантакты», – кажа аналітык Асацыяцыі міжнародных справаў Павал Гаўлічак.

Замежная паліцыя затрымала футбольнага чыноўніка ў аўторак – ён суправаджаў жаночую футбольную зборную ў Чэхію. Празь дзень яму анулявалі візу і прадпісалі пакінуць краіну.

Дагэтуль было невядома, якім чынам Базанаў, які знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах, атрымаў візу, бо чэскае Міністэрства замежных спраў яму візы не выдавала. Deník N даведалася з трох крыніц у МЗС і і паліцыі, што стандартную трохмесячную візу яму выдала Вугоршчына.

Вугорская амбасада ў Чэхіі ад камэнтароў адмовілася і накіравала журналістаў з пытаньнямі ў МЗС.

Міжнародны аналітык Гаўлічак кажа, што зусім ня зьдзіўлены, што Базанаву даў візу Будапэшт. Ён зьвяртае ўвагу, што на працягу апошніх дзесяці гадоў Вугоршчына была найбуйнейшым эўрапейскім хаўрусьнікам Расеі ці Кітаю і іх прыхільнікаў, у тым ліку Беларусі.

«У той час, калі адносіны паміж Польшчай і Літвой зь Беларусьсю былі ўжо зусім катастрафічнымі, мы былі сьведкамі сустрэчы Орбана з Лукашэнкам у духу добрага эканамічнага супрацоўніцтва», — згадвае Гаўлічак.

Паводле яго, прыязны падыход Будапэшта да некаторых праблемных краін быў відавочны з моманту прыходу да ўлады Віктара Орбана ў пачатку мінулага дзесяцігодзьдзя. Асноўны матыў — дзелавыя адносіны і эканамічная аргумэнтацыя, якую цяперашні вугорскі прэм'ер ставіць вышэй за ўсё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG