Кіраўнік штату Нэйфіў Рыу заявіў пра пачатак расьсьледаваньня трагічнага здарэньня, якое ён папярэдне лічыць «правалам выведкі». Інцыдэнт адбыўся ўвечары суботы, піша Reuters.
Фэдэральнае міністэрства абароны прызнала гібель людзей, адзначыўшы, што падчас агнявой атакі таксама былі параненыя як мінімум дзесяць мірных жыхароў і чацьвёра супрацоўнікаў спэцслужбаў. Найімаверней, празь няпэўныя выведчыя дадзеныя мірных людзей прынялі за паўстанцаў, зь якімі змагаюцца Асамскія стралкі — спэцгрупа індыйскіх войскаў. Акруга Мон, у якой здарылася трагедыя, знаходзіцца каля мяжы з М’янмай.
Страляніна пачалася, калі грузавік з больш як 30 рабочымі вугальнай шахты праяжджаў міма лягеру Асамскіх стралкоў. Ананімная крыніца з паліцыі паведаміла, што стралкі прынялі шахтароў за паўстанцаў, паколькі мелі папярэднюю інфармацыю ад сваёй выведкі пра рух баевікоў у раёне. Пачуўшы пра забойствы, насельнікі раёну сабраліся на стыхійны пратэст супраць стралкоў і падпалілі некалькі іхных грузавікоў. Гэта справакавала далейшыя сутыкненьні і яшчэ некалькі забітых.
Апошнім часам улады Індыі спрабуюць змусіць паўстанцаў з М’янмы пакінуць базы, якія месьцяцца ў джунглях каля індыйскіх штатаў Нагаланд, Маніпур і Аруначал Прадэш. Яны лічаць, што парамілітарныя атрады, што змагаюцца супраць вайсковай хунты ў М’янме, могуць пагражаць бясьпецы Індыі.