Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Associated Press: Разьведка ЗША высьветліла, што Расея плянуе ўварваньне ва Ўкраіну


Схема разьмяшчэньня расейскіх войскаў каля Ўкраіны паводле газэты Washington Post
Схема разьмяшчэньня расейскіх войскаў каля Ўкраіны паводле газэты Washington Post

Выведныя службы ЗША, паводле агенцтва Associated Press, валодаюць дадзенымі аб плянах Масквы ажыцьцявіць ваенны наступ на тэрыторыю Ўкраіны ў пачатку 2022 году.

Пра гэта інфармуе партал DELFI.

Мяркуецца, што да апэрацыі будуць прыцягнутыя да 175 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Паводле дадзеных амэрыканскай разьведкі, Расея плянуе ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны, магчыма, ужо ў пачатку 2022 году. Пра гэта ў суботу, 4 сьнежня, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Associated Press са спасылкай на неназваную крыніцу ў адміністрацыі ЗША.

Паводле суразмоўцы агенцтва, выведныя дадзеныя кажуць аб тым, што ў апэрацыі павінны ўдзельнічаць да 175 тысяч расейскіх вайскоўцаў, прычым амаль палова зь іх нібыта ўжо разгорнутая ў розных пунктах паблізу мяжы Украіны.

Выведныя службы высьветлілі, што расейскія пляны «прадугледжваюць перакідку 100 батальённых тактычных груп разам з бронетэхнікай, артылерыяй і абсталяваньнем», піша Associated Press, спасылаючыся на сваю крыніцу.

Белы дом паведамляе пра актывізацыю прапаганды супраць Украіны і NATO

Супрацоўнік адміністрацыі Джо Байдэна заявіў, што разьведка ЗША адзначае таксама актывізацыю прапагандысцкіх намаганьняў Расеі з мэтай ачарненьня Ўкраіны і NATO напярэдадні магчымага ўварваньня.

Напярэдадні кіраўнік Белага дому Джо Байдэн заявіў, што Вашынгтону ўжо даўно вядома аб дзеяньнях Расеі. Падчас віртуальнага саміту з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, які, як мяркуецца, адбудзецца на будучым тыдні, Байдэн мае намер правесьці «працяглую дыскусію» аб расейска-ўкраінскім крызісе.

Закрануўшы патрабаваньні Масквы па Ўкраіне, Байдэн заўважыў, што «не прымае чыіх-небудзь чырвоных ліній». Раней Пуцін указаў, што «чырвонымі лініямі» для Расеі стануць набліжэньне інфраструктуры NATO да расейскіх межаў, разьмяшчэньне ва Ўкраіне замежнай зброі і пагрозы бясьпецы РФ.

  • Паводле Кіева, Расея трымае каля ўкраінскай мяжы больш за 100 тысяч вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі. Гэта адбылося пасьля маштабных ваенных вучэньняў у Расеі на пачатку гэтага году, якія выклікалі асьцярогі магчымага ўварваньня.
  • Расея, якая захапіла Крым у 2014 годзе і падтрымлівае гібрыдныя сілы на Данбасе, адмаўляе плянаваньне нападу і абвінавачвае Ўкраіну і яе заходніх саюзьнікаў у эскаляцыі напружанасьці.
  • Захад неаднаразова заклікаў Маскву вывесьці свае сілы, пагражаючы наступствамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG