Інфармацыя пра пасьмяротнае ўганараваньне Вітольда Ашурка ўкраінскім крыжом «За годнасьць у палоне» разам з фатаздымкам узнагароды зьявілася на старонцы Вітольда Ашурка ў Фэйсбуку.
Крыжом Пятра Калнышэўскага «За годнасьць у палоне» ўзнагароджваюць грамадзян Украіны ці замежных грамадзян, якія былі ўзятыя ў палон і праявілі ўзор мужнасьці і нязломнасьці перакананьняў. Гэта не дзяржаўная ўзнагарода, а грамадзкая («Знак народної пошани»), яе выдала Ўсеўкраінскае грамадзкае аб’яднаньне «Країна».
Агулам вырабілі сто Крыжоў «За годнасьць у палоне», пакуль іх атрымалі менш за сто чалавек. Узнагароду выдаюць толькі пасьля праверкі біяграфіі радаю ўзнагародаў (камісія складаецца з трох чалавек) і атрыманьня даведкі са Службы бясьпекі Ўкраіны.
У чэрвені 2021 году крыжом «За годнасьць у палоне» ўганаравалі таксама беларускую палітычную зьняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк.
Палітвязень Вітольд Ашурак загінуў у шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах, 21 першага траўня сваякам паведамілі, што ў яго спынілася сэрца. Цела сваякам выдалі зь перабінтаванай да носу галавой. Сваякі дагэтуль ня ведаюць, чаму і пры якіх абставінах памёр Вітольд. Яны сумняваюцца нават у даце ягонай сьмерці. Вітольд Ашурак пражыў 50 гадоў.
Хто такі Вітольд Ашурак
- Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
- Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
- Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
- Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
- Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
- Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
- Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
- Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
- Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
- Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
- 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
- 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
- Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
- У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
- Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
- Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.