Цана ўзгодненая сыходзячы з умоваў сёлетняга году — $128,52 за тысячу куб. м.
Пра тое, што цана на расейскі газ для Беларусі ў 2022 годзе застанецца на ўзроўні 2021 году Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін дамовіліся на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу яшчэ 13 ліпеня.
«Было вырашана, што цана на газ для Беларусі ў 2022 годзе ня будзе індэксаваная і захаваецца на ўзроўні 2021 году», — паведаміў па выніках сустрэчы прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў.
Тады ж яны дамовіліся аб аб’ёмах крэдытнай падтрымкі ў сувязі з падатковым манэўрам у Расеі. Лукашэнка паабяцаў выконваць усе абавязкі па крэдытах, «чаго б гэта яму ні каштавала».
- Паміж ПАТ «Газпром» і ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» да канца 2021 году дзейнічаюць кантракты на пастаўку газу ў Беларусь і яго транспарціроўку праз тэрыторыю Беларусі. У сьнежні 2020 г Менск і Масква дамовіліся аб кошце на расейскі прыродны газ на 2021 г — 128,5 даляраў за 1 тыс. кубамэтраў. У 2020 г цана на газ для Беларусі складала 127 дал за 1 тыс куб м.
- У Эўропе ў лістападзе цэны на газ падскочылі пасьля таго, як Нямеччына прыпыніла працэс сэртыфікацыі расейскага газаправоду «Паўночны паток-2».