Паводле агенцтва Bloomberg, галоўнай прычынай гэтага росту стала адсутнасьць вызначэньня «Газпромам» дадатковых аб’ёмаў паставак газу ў сьнежні трубаправодамі празь Беларусь і Ўкраіну.
Сёлета эўрапейскія цэны на газ, адзначае Bloomberg, вырасьлі больш як у тры разы ў сувязі з абмежаваньнем паставак, якое ўскалыхнула энэргетычныя рынкі. Паводле агенцтва, на паглыбленьне крызісу на газавым рынку ўплываюць і іншыя чыньнікі, у тым ліку меншыя, чым звычайна, запасы газу ў Эўропе пасьля працяглай зімы і стрымліваньне паставак Расеяй.
Тым часам Reuters паведамляе, што паток расейскага газу па газаправодзе Ямал — Эўропа празь Беларусь 15 лістапада вырас, нягледзячы на пагрозы Аляксандра Лукашэнкі на мінулым тыдні спыніць пастаўкі газу празь Беларусь у Эўразьвяз з набліжэньнем зімы.