Раману Якаўлеўскаму было 68 гадоў. Апошнія паўмесяца ён правёў у шпіталі, дзе мэдыкі дыягнаставалі ішэмічную хваробу сэрца, а пасьля лекавалі ад каранавірусу. Спачатку знаходзіўся на апараце падачы кіслароду, пасьля — на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Раман Якаўлеўскі — аглядальнік шэрагу беларускіх і замежных мэдыяў. Супрацоўнічаў з выданьнямі «Белорусская деловая газета», «Белорусская газета», «Белорусы и рынок», агенцтвам Delfi ды іншымі. Рэгулярна выступаў з камэнтарамі на Радыё Свабода.
Спэцыялізаваўся ў сфэры міжнароднай палітыкі і дыпляматыі, меў шчыльныя стасункі з амбасадарамі і вайсковымі аташэ, валодаў эксклюзіўнай інфармацыяй. На разьвітаньне зь ім прыйшлі прадстаўнікі польскай дыпмісіі.
«Для мяне галоўнае ў ім — дабрыня. Надзвычай глыбокае слова, у якім — цэлы канцэпт годнага жыцьця. Дабрасардэчнасьць. Дабрадушнасьць. Дабрасумленнасьць. Дабрасуседзтва. Няўжо ня гэта мы шукаем у людзях? У ім было ўсё, адсюль і такі боль, эмацыйны абвал душы. Бывай, чалавек Дабра», — сказаў на развітантьне адзін з заснавальнікаў і рэдактараў газэты «Свободные новости» Аляксандар Уліцёнак.
З прычыны каранавірусу разьвітваліся з журналістам Якаўлеўскім абмежаваны час у менскім крэматорыі. Многія ягоныя калегі і сябры не змаглі прысутнічаць на жалобнай цырымоніі, бо цяпер яны самі або на вымушанай ізаляцыі або ў палітычнай эміграцыі.