Па стане на 27 лістапада ў Беларусі 887 палітвязьняў. Большасьць зь іх знаходзіцца ў нечалавечых умовах, трывае катаваньні і зьдзекі прадстаўнікоў сілавых органаў.
З нагоды Дня салідарнасьці мэрыя Парыжу разам зь беларускай дыяспарай зладзілі канцэрт Маргарыты Ляўчук, літоўскі МЗС правёў кампанію падпісаньня паштовак, піша прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай.
Пасольства Нідэрляндаў упрыгожыла браму бела-чырвона-белымі стужкамі, са словамі падтрымкі выступілі МЗС Нарвэгіі, Латвіі, Чэхіі і іншых краін.
Далучыўся да акцыі і Цэнтар Беларускай Салідарнасьці ў Варшаве. На пляцоўцы ЦБС выступілі лідэр «Рабочага Руху» Юры Рававы і актывістка студэнцкага руху Надзея Седун, яны падзяліліся ўласным досьведам дапамогі і падтрымкі палітвязьняў у Беларусі. Скончылася імпрэза канцэртам Пятра Клюева і Паўла Трыпуця.
Польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда на сваёй афіцыйнай старонцы ў Твітэры выказаў салідарнасьць зь Беларусьсю.
«Амаль 900 беларускіх грамадзян сядзіць за кратамі Лукашэнкі толькі таму, што хацелі, каб іх краіна была свабоднай і дэмакратычнай. Польшча хоча такой жа Беларусі, як і яны. Выказваю салідарнасьць з усімі ахвярамі дыктатуры Лукашэнкі» — напісаў ён.
Міністар замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганэк заклікаў вызваліць ўсіх палітвязьняў Беларусі.
А міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў у сваіх допісах салідарнасьці ў Твітэры даў цытату з паэмы «Дзяды» Адама Міцкевіча ў беларускім перакладзе Сержа Мінскевіча
У Італіі акцыю падтрымала сэнатарка Лаура Гаравіні.
Правацэнтрысцкая суполка Эўрапарлямэнту падзялілася відэа і выказала салідарнасьць з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі.