Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль ня вырашыцца беларускі палітычны крызіс, Лукашэнка будзе «ставіць на вушы» ўсю Эўропу


Лукашэнка выступае перад мігрантамі. Брузгі, 26 лістапада 2021
Лукашэнка выступае перад мігрантамі. Брузгі, 26 лістапада 2021

Тэлефонныя перамовы на высокім узроўні паміж Менскам і эўрапейскімі сталіцамі ня вырашылі міграцыйнага крызісу.

Сьцісла:

  • Самае галоўнае, што абмяжоўвае далейшы шантаж мігрантамі, гэта спыненьне іх прытоку ў Беларусь.
  • Беларускія ўлады вырашылі максымальна выкарыстаць тых мігрантаў, якія засталіся ў Беларусі.
  • Лукашэнка адмыслова прыехаў у «Брузгі», каб даць наказ мігрантам на ажыцьцяўленьне той мэты, дзеля якой яны тут апынуліся.

Гледзячы па ўсім, пік супрацьстаяньня на беларуска-польскай мяжы застаўся ззаду, але сам міграцыйны крызіс далёкі ад вырашэньня. Нямеччына не прыняла Лукашэнкавых прапановаў даць прытулак 2 тысячам мігрантаў. Адзіным вынікам тэлефонных перамоваў паміж Мэркель і Лукашэнкам стала прыбыцьцё ў Менск чыноўнікаў з Брусэлю для абмеркаваньня тэхнічных аспэктаў транзыту бежанцаў на іх гістарычную радзіму. ЭЗ гатовы выдзеліць на гэта €3,5 млн. Першыя авіярэйсы зь бежанцамі паляцелі зь Менску ў Ірак.

Самае галоўнае, што абмяжоўвае далейшы шантаж мігрантамі, — гэта спыненьне іх прытоку ў Беларусь. У выніку працы ЭЗ з урадамі і авіякампаніямі краін Блізкага Ўсходу мігранцкая плынь на беларускую тэрыторыю пачала ўсыхаць.

У Менску гэта добра зразумелі — і вырашылі гуляць тымі картамі, якія ёсьць на руках. І такімі картамі сталі тыя некалькі тысяч мігрантаў, якія засталіся ў Беларусі і ня хочуць зьяжджаць. На мяжы цяпер каля 2 тысяч курдаў. І, здаецца, беларускія ўлады вырашылі максымальна капіталізаваць гэты здабытак.

26 лістапада Лукашэнка адмыслова прыехаў у транспартна-лягістычны цэнтар каля пункту пропуску «Брузгі», дзе разьмясьцілі мігрантаў, каб даць наказ на ажыцьцяўленьне той мэты, дзеля якой яны тут апынуліся. Ён заявіў: «Хто хоча рухацца ў заходнім кірунку — гэта ваша права... Гэта вашая воля: пройдзеце — ідзіце... Мы будзем з вамі рабіць так, каб выканаць усе вашы пажаданьні...». І прывёў натхняльны прыклад, што кожныя суткі празь мяжу пасьпяхова прарываюцца да 200 чалавек.

Лукашэнка адзначыў, што на падтрымку мігрантаў Беларусь затраціла ^$12,6 млн. І заклікаў іх зьвяртацца да органаў улады па любую дапамогу. Вось бы такая ўвага беларусам, якія зьбяднелі ці трапілі ў складаную жыцьцёвую сытуацыю.

Адначасова ён прыгразіў суседзям, што праблема ўцекачоў «будзе на парадак мацнейшая ня толькі вясной, але і зімой». То бок, калі зараз і ўдасца вырашыць цяперашняе супрацьстаяньне на мяжы, то яно можа аднавіцца ў любы момант. Бо першакрыніца, прычына яго — гэта неўрэгуляванасьць унутранага беларускага палітычнага крызісу. І пакуль ён захоўваецца, Лукашэнка будзе працягваць «ставіць на вушы» ня толькі суседзяў, але і ўсю Эўропу, Блізкі Ўсход, а таксама краіны, якія ажыцьцяўляюць транзыт празь Беларусь.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG