Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна на мяжы зь Беларусьсю распачала спэцыяльную антымігранцкую апэрацыю


Украінскія памежнікі патрулююць беларуска-украінскую мяжу ў Валынскай вобласьці
Украінскія памежнікі патрулююць беларуска-украінскую мяжу ў Валынскай вобласьці

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны супольна зь сіламі Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі і Ўзброенымі сіламі на мяжы зь Беларусьсю праводзяць спэцыяльную апэрацыю «Палесьсе», каб не дапусьціць перамяшчэньня мігрантаў на сваю тэрыторыю.

Паводле першага намесьніка кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Ўладзіміра Нікіфарэнкі, на ўкраінска-беларускай мяжы захоўваецца пагроза распаўсюджаньня міграцыйнага крызісу і імавернасьць перанакіраваньня патокаў мігрантаў ва Ўкраіну.

На мяжы працуюць узмоцненыя памежныя нарады на магчымых напрамках прарыву. Задзейнічалі авіяцыю, бесьпілётныя авіяцыйныя комплексы, а таксама тэхнічныя сродкі назіраньня.

Апроч гэтага, у межах кантраляваных памежных раёнаў выставілі дадатковыя пасты на аўтамабільных дарогах, правяраюць аўтобусныя і чыгуначныя станцыі, а мясцовых жыхароў заклікаюць паведамляць пра ўсіх падазраваных незнаёмых асобаў.

Што папярэднічала

Пасьля пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай Украіна заявіла аб намеры ўзмацніць ахову свайго ўчастку мяжы зь Беларусьсю. 10 лістапада прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі правёў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. На ёй вызначылі 10 найбольш імаверных участкаў мяжы, на якіх магчыма масавае знаходжаньня мігрантаў.

Адначасова Ўкраіна пачала праводзіць кансультацыі са сваімі замежнымі партнэрамі аб узмацненьні бясьпекі на межах сваёй краіны ў сувязі з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў паблізу і адначасовага міграцыйнага крызісу, створанага Беларусьсю.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 15 лістапада на брыфінгу ў Брусэлі па выніках сустрэчы зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам заявіў, што міграцыйныя праблемы на мяжы з Эўропай і канцэнтрацыю войскаў Расеі каля Ўкраіны трэба разглядаць у комплексе.

19 лістапада міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і эўрапейскіх краін у любы момант можа абвастрыцца. Ён паведаміў, што на ахову мяжы дадаткова накіраваныя 15 верталётаў, 2 самалёты, 44 дроны, а таксама рэзэрвы Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG