Камісія рэлігійнай свабоды Злучаных Штатаў Амэрыкі (USCIRF) выпусьціла чарговую справаздачу пра Беларусь. У ёй адзначаецца, што пасьля палітычнага крызісу, які пачаўся ў жніўні 2020 году, рэлігійныя свабоды беларусаў рэзка зьменшыліся.
«З таго часу рэжым Аляксандра Лукашэнкі правёў чысткі сярод каталіцкага і праваслаўнага духавенства, якое крытыкавала ягоную аўтарытарную тактыку, праводзіў рэйды каталіцкіх і пратэстанцкіх набажэнстваў, а таксама публічна пашыраў антысэміцкія змовы і рыторыку».
У справаздачы USCIRF нагадала, што яшчэ раней рэжым Лукашэнкі ўводзіў абмежаваньні на служэньне замежных сьвятароў у касьцёлах, калі тыя мусілі атрымліваць асобны дазвол на службу ў краіне, і наогул павялічыў умяшаньне ў справы Каталіцкай царквы.
3 ліпеня 2021 году ўлады ціснулі на праваслаўных, каталікоў, юдэяў і мусульманаў, каб тыя правялі малітвы за дзейных кіраўнікоў. Таксама адзначаны выпадкі публічнай крытыкі Лукашэнкам рэлігійнага гімну «Магутны Божа», абразьлівай карыкатуры на ксяндзоў у дзяржаўнай газэце, дзе крыж прыраўнялі да свастыкі, і факт нядопуску ў краіну тагачаснага кіраўніка каталікоў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча, нягледзячы на наяўнасьць у таго беларускага грамадзянства.
Дзяржаўная тэлевізія неаднаразова дапускала ў сваіх перадачах зьдзеклівыя азначэньні, у прыватнасьці антысэміцкія заявы. Лукашэнка абвінавачваў міжнародную супольнасьць у спробах «зруйнаваць праваслаўе ў Беларусі», а міністар замежных спраў дзяржавы – хаўрусьніка рэжыму, Расеі, Сяргей Лаўроў заявіў, што Злучаныя Штаты нібыта намагаюцца стварыць у Беларусі аўтакефальную царкву, як раней адбылося ва Ўкраіне.
USCIRF — незалежная двупартыйная камісія ўраду ЗША. Яна адсочвае выпадкі парушэньня рэлігійных свабодаў ва ўсім сьвеце і дае рэкамэндацыі прэзыдэнту, дзяржсакратару і Кангрэсу ЗША.