Адкуль пайшло, што Захад запрасіў мігрантаў?
У 2015 годзе сотні тысяч мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі пачалі трапляць у Эўразьвяз праз Балканы. Гэтую хвалю міграцыі выклікалі грамадзянскія войны і збройныя канфлікты ў Сірыі, Іраку, Лібане, Лібіі і іншых краінах. Але Эўразьвяз не запрашаў гэтых людзей.
Сотні тысяч мігрантаў прыбывалі ў Нямеччыну. 31 жніўня 2015 году ў горадзе Гайдэнаў (Саксонія) жыхары спрабавалі заблякаваць адкрыцьцё цэнтру для ўцекачоў у адным з супэрмаркетаў. У гэты дзень канцлерка Нямеччыны прамовіла славутую фразу: «Мы справімся». Гэтым зваротам яна спрабавала запэўніць грамадзян, што дзяржава кантралюе працэс і што для грамадзтва няма ніякіх пагрозаў.
Увечары 4 верасьня 2015 году Ангела Мэркель, у паразуменьні з Аўстрыяй і Вугоршчынай, вырашыла дазволіць тысячам мігрантаў з Блізкага Ўсходу, якія апынуліся ў Вугоршчыне, прыехаць у Нямеччыну.
Фразу Мэркель частка палітыкаў і публіцыстаў неаднаразова інтэрпрэтавалі як запрашэньне ў Нямеччыну. Публіцысты нават прыдумалі тэрмін Willkommenpolitik (палітыка гасьціннасьці). Але словы самой Мэркель датычылі людзей, якія і так ужо былі на тэрыторыі або самой Нямеччыны, або іншых краін ЭЗ. Мэркель не заклікала людзей у Афрыцы ці Блізкім Усходзе эміграваць у Нямеччыну.
Ці дала Мэркель рады?
Ахвотных трапіць у Нямеччыну і Аўстрыю было значна больш, чым меркавалі ўрады гэтых краін.
У лістападзе 2015 году джыхадысты ўчынілі сэрыю замахаў у Парыжы. Хутка выявілася, што некаторыя тэрарысты праніклі ў ЭЗ разам з уцекачамі. Стаўленьне да палітыкі Мэркэль зьмянілася нават у лягеры яе хаўрусьнікаў. За тое, каб зрабіць межы больш шчыльнымі, выступіў былы прэм’ер Баварыі Горст Зігофэр. Напрыканцы году палітыку прыняцьця мігрантаў паставіла пад сумнеў і Аўстрыя, падтрымаўшы радыкальнае ўмацаваньне мяжы.
Як у Нямеччыне, так і ў Аўстрыі ў выніку мігранцкага крызісу вырасла падтрымка антыімігранцкіх палітычных сілаў. Пачала падаць і падтрымка Мэркель. Зрэшты, яна і сама не хавала, што гэта вынік міграцыйнай палітыкі.
Тым ня менш нават пасьля мігранцкага крызісу 2015 году партыя Мэркель усё роўна перамагла на выбарах, а сама яна чарговым разам узначаліла ўрад. У адказ на пытаньне пра посьпехі сваёй міграцыйнай палітыкі Мэркель адказала: «Нам шмат што ўдалося».
Ці ўдалося мігрантам інтэгравацца?
У 2015–2016 гадах Нямеччына прыняла 1,2 мільёна мігрантаў, якія падалі заяву на прытулак. З 2015 да 2021 году іх зарэгістравалі 1,8 мільёна.
Як паведамляла летась выданьне Politico, 360 тысяч зь іх цяпер цалкам занятыя, паводле дадзеных Інстытуту дасьледаваньняў занятасьці, філіялу Міністэрства працы Нямеччыны.
Яшчэ 55 тысяч уцекачоў залічаныя на навучальныя праграмы, многія зь іх працуюць практыкантамі ў сыстэме «падвойнай адукацыі» ў Нямеччыне. Больш за 10 тысяч вучацца ва ўнівэрсытэтах. Яшчэ 460 тысяч уцекачоў шукаюць працы.
Агулам каля 35 працэнтаў уцекачоў, якія прыбылі з 2015 году, маюць цяпер нейкую форму занятасьці. Большасьць работнікаў занятыя ў такіх галінах, як гатэльны бізнэс і лягістыка.
Каля 570 тысяч атрымліваюць фэдэральную сацыяльную дапамогу.
Выдаткі, зьвязаныя з уцекачамі, уключна з інвэстыцыямі для прадухіленьня далейшых хваляў міграцыі, склалі каля 87 мільярдаў эўра за пяць гадоў з 2015 году. Гадавы бюджэт дзяржавы ў гэтыя гады павялічыўся з прыкладна 300 мільярдаў эўра ў 2015 годзе да 362 мільярдаў эўра ў 2020 годзе.
Адзін з паказчыкаў інтэграцыі — узровень і характар злачыннасьці. «Даклад аб іміграцыйнай злачыннасьці» Фэдэральнага ўпраўленьня крымінальнай паліцыі паказвае, што імігранты празьмерна прадстаўленыя ў забойствах, цяжкіх цялесных пашкоджаньнях і згвалтаваньнях — але таксама таму, што сярод іх асабліва шмат маладых мужчын, якія, як правіла, часьцей учыняюць такія злачынствы. Іншая праблема ў тым, што нямецкім уладам рэдка ўдаецца дэпартаваць тых, хто шукае прытулку, у краіны іх паходжаньня.
Што да саміх немцаў, то каля 60% лічаць, што краіна добра спраўляецца зь мігрантамі, а 40% прытрымліваюцца іншай думкі.
Чаму Мэркель увогуле пачала прымаць мігрантаў?
Вялікае значэньне мелі гуманітарныя прычыны, інакш кажучы, спачуваньне людзям у патрэбе. Дасьледаваньні паказваюць, што 38% немцаў лічаць, што ўцекачоў трэба прымаць, бо немцы маюць маральны абавязак дапамагаць ахвярам войнаў і эканамічных крызісаў. Прычына — адмоўная роля Нямеччыны ў Галакосьце і Другой сусьветнай вайне.
Але сваё рашэньне Мэркель абгрунтоўвала і эканамічнымі прычынамі. Нямецкае грамадзтва старэе, нараджальнасьць падае, рынак працы патрабуе новых людзей. Штогод краіна патрабуе 250–400 тысяч новых працаўнікоў.
Ці зьмяніла Мэркель сваю палітыку?
На зьезьдзе сваёй партыі ў 2016 годзе Ангела Мэркель заявіла, што сытуацыя зь лета 2015 году «ня можа і не павінна паўтарыцца». Палітыка даваньня прытулку стала ў краіне больш жорсткай. Колькасьць людзей, якія падавалі заявы на прытулак, пачала зьмяншацца. Важным фактарам стала тое, што краіны, якія знаходзяцца на балканскім шляху мігрантаў, ускладнялі гэтыя маршруты.
Шмат зьменаў адбылося ў самой Нямеччыне. Права на знаходжаньне ў краіне пасьля атрыманьня прытулку стала часовым. Былі ўнесеныя абмежаваньні ў працэдуру аб’яднаньня сем’яў. Пасьля заканчэньня вайны ў Сырыі або Іраку ўцекачы павінны былі вярнуцца на радзіму. Былі зьменшаныя і сумы дапамогі мігрантам, яны былі абавязаныя знаходзіцца толькі ў тых месцах у краіне, дзе ім дазволілі ўлады.
Вясной 2016 году Мэркель дамовілася з Рэджэпам Эрдаганам, што Турэччына будзе стрымліваць мігрантаў, якія спрабуюць зь яе тэрыторыі трапіць у Грэцыю ці Баўгарыю.
У 2019 годзе Міністэрства міграцыі і ўцекачоў пачало моцна прасоўваць адмысловую праграму для замежнікаў, якія хацелі б пакінуць Нямеччыну за пэўную плату. У 2019 годзе такой магчымасьцю скарысталіся больш за 15 тысяч чалавек, а праз год — больш за 5,5 тысячы.
А што з Польшчай?
Акурат у той час, калі ў Эўропе трываў мігранцкі крызіс, да ўлады ў Польшчы прыйшла кансэрватыўная партыя «Права і Справядлівасьць». Палітыкі гэтай партыі неаднаразова крытыкавалі падыход Ангелы Мэркель і выказваліся супраць спрошчанага прыманьня мігрантаў з Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Польшча была адной зь нямногіх краін, якія 5 год таму выступілі рашуча супраць квотаў на прыняцьце мігрантаў у паасобных краінах ЭЗ. Пазыцыя Польшчы за гэты час не зьмянілася. Урад і прэзыдэнт перакананыя, што самы эфэктыўны падыход да вырашэньня праблемы міграцыі — гэта дапамагаць краінам, адкуль ідзе плынь міграцыі.
Зрэшты, і самі мігранты з Афрыкі ці Блізкага Ўсходу ня надта імкнуцца ў Польшчу. Яны абіраюць багацейшыя краіны ЭЗ. Напрыклад, пасьля таго як талібы занялі Афганістан, Польшча прыняла адтуль 500 уцекачоў. Але толькі 50 зь іх застануцца ў Польшчы.
У той жа час Польшча, як і Нямеччына, змагаецца з дэмаграфічным крызісам і адсутнасьцю дастатковай колькасьці працаўнікоў. З гэтай прычыны Польшча ахвотна прымае мігрантаў з культурна блізкіх Украіны, Беларусі і іншых краін былога СССР. У Польшчы распрацаваныя цэлыя праграмы спрошчанай легалізацыі эканамічных мігрантаў. Пасьля пачатку вайны на ўсходзе Ўкраіны палякі прынялі ў сябе больш за мільён украінцаў. Але гэты мільён — фактычна не ўцекачы, а працоўныя мігранты. Менавіта таму ў 2018 годзе Эўрапейская статыстычная ўправа назвала Польшчу краінай, якая прымае найбольш імігрантаў з краін па-за Эўразьвязам.
Што тычыцца апошняга крызісу на беларуска-польскай мяжы, то польскі ўрад ад самага пачатку заняў жорсткую пазыцыю — не пускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю. Адпаведна, улады краіны не запрашалі мігрантаў, якія спрабавалі зь Беларусі трапіць на тэрыторыю ЭЗ. Пазыцыю сваіх уладаў падзяляе і большасьць грамадзтва Польшчы. Напрыканцы верасьня дасьледчы інстытут Pollster правёў у Польшчы сацыялягічнае дасьледаваньне. Пераважная большасьць палякаў, 72 адсоткі, не жадаюць прымаць мігрантаў.
Ці пераконвае Мэркэль Польшчу ўпусьціць мігрантаў, каб разьмясьціць іх у Нямеччыне?
Публічна такіх заяваў не было.
У тэлефоннай размове з польскім прэм’ерам Матэвушам Маравецкім 17 лістапада канцлерка Нямеччыны выказала салідарнасьць зь дзеяньнямі Польшчы ў кантэксьце мігранцкага крызісу зь Беларусьсю. А сёньня Польшчу наведвае кіраўнік МУС Нямеччыны, каб супольна з палякамі распрацаваць эфэктыўны падыход да стрымліваньня міграцыі з Афрыкі і Блізкага Ўсходу празь беларускі напрамак.