Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта была культурная рэвалюцыя». Вядомыя людзі ўспамінаюць культавага вядоўцу з 1990-х Сяргея Філімонава


Сяргей Філімонаў. Архіўнае фота
Сяргей Філімонаў. Архіўнае фота

Ад каранавірусу памёр вядоўца культавай праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў. Яму было 62 гады.

Прыхільнікі таленту Сяргея Філімонава ўзгадваюць, які ён быў — легенда тэлебачаньня з 1990-х.

«Сяргей прыдумаў праграму і актуальную, і пазнавальную адначасова»

Выпускнік гістфаку па спэцыялізацыі «крытыка буржуазнай культуры», Сяргей Філімонаў захапіўся сьветам кіно. На пачатку 1990-х, калі яшчэ не было інтэрнэту, ён пачаў расказваць на Беларускім тэлебачаньні пра замежныя фільмы, якія гледачам былі амаль недаступныя, пра замежных актораў, музыку.

Намесьнік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва» Зьміцер Падбярэскі ў тыя гады на БТ таксама вёў папулярную праграму «Сустрэнемся пасьля 11-й». Менавіта ў той час на тэлебачаньні зьяўляліся новыя праграмы, новая генэрацыя вядучых.

«Сярод іх быў Сяргей, які прыдумаў праграму і актуальную, і пазнавальную адначасова. І трэцяя якасьць гэтай праграмы — яна была арыгінальнай. І ў 1990-я, і пазьней нідзе на іншых каналах нічога падобнага не было.

Чаму гэта праграма прыцягвала? Па-першае, сама постаць вядоўцы: ён надзвычай абаяльны і інтэлігентны чалавек, хоць спачатку ня вельмі добра валодаў беларускай мовай, але вельмі хутка ўсё ў яго пайшло нармальна.

Па-другое, праграма прываблівала менавіта актуальнай інфармацыяй з галіны кіно, якое тады ня надта шырока можна было ў нас глядзець, толькі на відэамагнітафонах, і з галіны музыкі. Калі ўлічыць той факт, што інтэрнэт тады толькі-толькі нараджаўся, інфармацыя, якую падаваў Сяргей, была вельмі і вельмі запатрабаваная.

На сёньняшні момант мне вельмі шкада, што ён так недарэчна пайшоў з жыцьця. Але праграма застанецца ў памяці тых, хто яе глядзеў, хто чакаў», — перакананы Зьміцер Падбярэскі.

«У 1990-я мы чакалі гэтай перадачы, яна была акном у сьвет»

Гісторык Ігар Мельнікаў піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што на праграмах Сяргея Філімонава вырасла цэлае пакаленьне.

«Сышла эпоха. Я вырас на яго перадачы „Відзьмо-Невідзьмо“. У 1990-я мы чакалі гэтай перадачы, яна была акном у сьвет. Новыя фільмы, імпрэзы і... усё па-беларуску. Спачатку гэта было дзіўна, бо паўсюль жа перадачы па-расейску. А гэты ўсё па-беларуску. А ён папросту быў сапраўдны.

У 2016 годзе Сяргей быў на маёй выставе „Беларусы ў Войску Польскім у 1939–1945 гадах“. Коратка паразмаўлялі... Зараз ён ціха жыў, нікуды не хадзіў (палітыка), быў у Беларусі. Праўда, быў, здаецца, „ковід-дысыдэнтам“... Эх, сапраўдная страта для Беларусі...» — піша гісторык Ігар Мельнікаў.

Сяргей Філімонаў. Архіўнае фота зь ягонай старонкі ў Facebook
Сяргей Філімонаў. Архіўнае фота зь ягонай старонкі ў Facebook

«Гэта была культурная рэвалюцыя»

Журналіст Алесь Залеўскі ўзгадвае, што зь дзяцінства зь Сяргеем Філімонавым у яго былі зьвязаныя вельмі «інтымныя ўспаміны».

«Толькі нядаўна, прагледзеўшы ягоныя выпускі „Відзьмо-Невідзьмо“, я акрэсьліў для сябе гэта культурнай рэвалюцыяй. Усё тое, пра што ён расказваў з экрана на пачатку 90-х, было настолькі адрозным ад асяродзьдзя садка-школы, БТ і „Вясёлкі“!»

Алесь Залеўскі ўзгадвае, як гадоў 7 таму ён напрасіўся ў госьці да Сяргея Філімонава ў ягоную кватэрку каля былой «Каменнай кветкі» на бульвары Талбухіна і слухаў ягоныя расповеды.

«Гэта былі гісторыі зь Сяргеевай культурнай рэвалюцыі ў 1980-х у Маскве. Як яны выпадкова вырашылі свой „эксьпірыенс“ свабоды перанесьці ў Менск. І атрымалася ж перанесьці і размножыць расаду. Працэс гэты ўжо не спыніць, беларусы будуць нараджацца і паміраць, а культура — жыць і квітнець. І толькі адзінкам удасца не памерці, а ператварыцца ў каменную кветку», — піша журналіст Алесь Залеўскі.

«Гэта чалавек, які любіў слухаць, мог аргумэнтаваць сваю пазыцыю зь вялікай павагай да тваёй думкі»

Рок-музыка, шоўмэн Аляксандар Памідораў супрацоўнічаў зь Сяргеем Філімонавым. Ён лічыць Сяргея вельмі сур’ёзнай і грунтоўнай крыніцай інфармацыі пра кінамастацтва і пра музыку.

«Сяргей быў зацятым мэляманам — на гэтым мы і сышліся. Ён заўсёды быў на хвалі і на стылі. Ніводная новая сучасная музычная група не прайшла міма ягонай увагі.

Прычым зь Філімонавым заўсёды было цікава спрачацца, часам вельмі жорстка, „у кроў“, але ты не станавіўся ворагам. Ён аргумэнтавана выказваў свае думкі, прынцыпы. Гэта чалавек, які любіў слухаць, мог выслухаць, аргумэнтаваць сваю пазыцыю — зь вялікай павагай да тваёй думкі. Вельмі добразычлівы, хоць і востры на язык», — кажа Аляксандар Памідораў.

Сяргей Філімонаў на ўручэньні музычнай прэміі «Героі году». Фота з парталу Budzma.by
Сяргей Філімонаў на ўручэньні музычнай прэміі «Героі году». Фота з парталу Budzma.by

І дадае, што гэта быў чалавек бездакорнага стылю ўва ўсім: у размове, у паводзінах, у зьнешнім выглядзе.

«У яго быў вельмі выкшталцоны густ, і пры гэтым ён надзвычай інтэлігентна падыходзіў да самага „плебейскага“ фільму.

Дарэчы, адна з апошніх публікацый Сяргея ў фэйсбуку была пра навінкі кіно, якіх няма яшчэ ў масавым пракаце, іх яшчэ няма на інтэрнэт-рэсурсах! А ён даваў такі цікавы аналіз: рэцэнзія ад „добрага сьледчага“ і рэцэнзія ад „злога сьледчага“. І па суме выстаўляў балы. Гэта было вельмі цікава, вельмі хацелася пасьля ягоных ацэнак гэта паглядзець.

Тое, што ён быў зацятым антываксэрам і нігілістам, што да ковіду, таксама было ім аргумэнтавана, і гэта ягоны выбар.

Гэта вялікая страта для беларускай культуры, для беларускіх мэдыя. Бо Філімонаў быў адзін з твараў новага, сучаснага беларускага тэлебачаньня, кіна- і музычнай крытыкі», — кажа Аляксандар Памідораў.

«Тут галоўнае — Асоба. Асоба вядоўцы»

У апошнія гады праграмы Сяргея Філімонава выходзілі на тэлеканале, які нядаўна быў прызнаны экстрэмісцкім. Намесьнік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі ўзгадвае, як аднойчы яму патэлефанавала народная артыстка Беларусі, знаная дыктарка Зінаіда Бандарэнка і сказала, што спадар Філімонаў шукае працу.

«Той самы Сяргей Філімонаў?» — перапытаў я. Натуральна, што я, як і шмат прадстаўнікоў майго пакаленьня, можна сказаць, вырасьлі на ягонай праграме «Відзьмо-Невідзьмо». Для мяне падалося цалкам натуральным запрасіць спадара Сяргея на «Белсат».

Разумею, што часы зьмяніліся: цяпер амаль усе маюць доступ да інтэрнэту і самі могуць пазнаёміцца з навінкамі кіно ці музыкі. Але тут галоўнае — асоба. Асоба вядоўцы«, — кажа Аляксей Дзікавіцкі.

«Вельмі сумна, што я ні разу не сказала, наколькі ён важны для мяне, як я любіла ягоны голас і праграму»

Мастачка Ніка Сандрас напісала на сваёй старонцы, што вельмі шкадуе, што не пасьпела выказаць сваё захапленьне праграмамі Сяргея Філімонава яму асабіста.

«Сяргей, вы пашыралі межы нашых маленькіх сусьветаў. Мне вельмі сумна ад таго, што я ні разу не сказала, наколькі ён важны для мяне, як я любіла ягоны голас і праграму. Магла сказаць. Але неяк усё саромелася. Шкадую пра гэта.

Цяпер ужо позна. Цяжкае пачуцьцё нявыказанай удзячнасьці і любові ўнутры. Нельга саромецца. Калі ёсьць добрае слова для чалавека, трэба бегчы валасы наперад і сьпяшацца сказаць. Вось пра што думаю сёньня. Заўтра можа ня быць», — піша Ніка Сандрас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG