Прадстаўнік Эўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасьці Пэтэр Стана пракамэнтаваў умовы, якія Лукашэнка выставіў для спыненьня мігранцкага крызісу, піша Zerkalo.io.
«Я магу толькі паўтарыць, што Лукашэнка ня мае легітымнасьці і, на нашу думку, не зьяўляецца прэзыдэнтам пасьля таго, як маніпуляваў выбарамі. Ён можа быць прызнаны прэзыдэнтам толькі ў тым выпадку, калі будзе абраны на свабодных і сумленных выбарах пад міжнародным назіраньнем і ў выніку рашэньня большасьці беларускага народу. Цяпер гэтага не адбываецца».
Раней кіраўніца МЗС Эстоніі Эва-Марыя Ліймэц расказала пра званок Мэркель Лукашэнку. У размове зь нямецкім палітыкам Лукашэнка заявіў, што хоча, каб яго прызналі прэзыдэнтам.
Пэтэр Стана заявіў, што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі сапраўды могуць зьняць, але толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў, вяртаньня незалежных СМІ да свабоднай працы і адкрытага прыцягненьня да адказнасьці сілавікоў, вінаватых у забойствах і катаваньнях пратэстоўцаў.