Памежны камітэт Беларусі: 2 тысячы мігрантаў знаходзяцца на мяжы
Каля 2 тысяч мігрантаў працягваюць знаходзіцца паблізу беларуска-польскай мяжы, паведаміў Памежны камітэт Беларусі, Мінулую ноч яны правялі ў трох месцах: частка засталася на тэрыторыі, прылеглай да пункту пропуску, частка – у стыхійным лягеры ў лесе, частка ў транспартна-лягістычным цэнтры недалёка ад мяжы.
Паводле беларускіх пемежнікаў, раніцай 17 лістапада прынята рашэньне аб разьмяшчэньні часткі іншаземаў у іншых месцах.
Чым атакавалі паліцыю. ФОТА
Падляская паліцыя паказала сабраныя на памежжы прадметы пасьля атак 16 лістапада. У польскіх паліцыянтаў ляцелі бляшанкі, камяні рознай вагі і памеру, мэталічныя пруты і іншыя прадметы. 12 чалавек атрымалі розныя траўмы, некаторых давялося шпіталізаваць.
65 спробаў прарыву на літоўскай мяжы
Літоўскія памежнікі паведамілі, што за мінулыя суткі было 65 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы. Днём раней было 90 спробаў. Службовую зброю прымяняць не прыйшлося.
Падзеі ўжывую
Мігранты 17 лістапада зноў канцэнтруюцца каля польскай мяжы. Польшча вінаваціць рэжым Лукашэнкі ў падтрымцы незаконных дзеяньняў мігрантаў, у тым ліку нападах на польскія службы.
Прарыў 50 мігрантаў на чыгунцы
Польскія памежнікі прадэманстравалі відэазапіс, на якім група з прыкладна 50 асобаў прарывалася праз польскую мяжу. Актыўны ўдзел у нападзе бралі беларускія сілавікі, якія сьвяцілі лазэрам у вочы польскім памежнікам. Мігранты ў той час закідвалі палякаў камянямі.
2 спробы прарыву
Памежная варта Польшчы зафіксавала яшчэ дзьве спробы сілавога прарыву празь мяжу. Абедзьве прадухілілі. Агулам за мінулыя суткі польскія памежнікі спынілі 161 спробу нелегальнага пераходу мяжы.
Міністар абароны Польшчы: «Мігрантаў падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, які захоўваецца дзякуючы Маскве»
Марыюш Блашчак у этэры 1-га каналу Польскага радыё заявіў, што Польшча падрыхтаваная да розных сцэнароў разьвіцьця падзей на мяжы, урад усьведамляе, што мае справу зь гібрыднай атакай. Ён таксама адзначыў, што палякам варта падрыхтавацца да таго, што крызіс на мяжы будзе доўгім.
Былы консул за вяртаньне мігрантаў
Былы ганаровы консул Беларусі ў Багдадзе Маджыд Аль-Каісі агітуе мігрантаў вяртацца ў Ірак. Пры гэтым нядаўна бізнэсовец, чыё ганаровае консульства ірацкія ўлады закрылі на фоне мігранцкага крызісу, суправаджаў групы людзей, якія прыбывалі ў Менск рэйсамі Fly Baghdad. Яго шмат разоў бачылі ў аэрапорце, піша «Эўрарадыё».
Цяпер жа ў этэры курдзкага каналу NRT Аль-Каісі заявіў, што беларускі ўрад ня ў стане пракарміць столькі мігрантаў.
Улады паведамілі пра новую партыю дапамогі
Беларускае фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама» даставіла мігрантам партыю гуманітарнай дапамогі. Адзначаецца, што кансэрвы, чай, масла і прадметы асабістай гігіены зьбіралі ў тым ліку сродкамі міліцыі Горадзеншчыны.
Мігранты паляць вогнішчы
Каб сагрэцца, людзі працягваюць паліць вогнішчы зусім блізка ад польскай тэрыторыі. Беларускія сілавікі зноў ніяк не рэагуюць на гэта. Польская паліцыя рыхтуецца адбіваць чарговую атаку ў выпадку яе пачатку. Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, мігранты «чакаюць гуманітарнага калідору», аднак не тлумачаць, на якой падставе Польшча мае прыняць мігрантаў, якія напярэдадні траўмавалі 12 яе паліцыянтаў і памежнікаў.
4 аўтобусы зь мігрантамі вывезьлі ў іншыя месцы
Людзей разьмесьцяць у іншых месцах, каб «не ствараць цісканіну ў лягістычным цэнтры», паведамілі БелТА ў Чырвоным Крыжы. Частка мігрантаў па-ранейшаму каля мяжы.