Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты балтыйскіх дзяржаваў заклікалі прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за кантрабанду людзей


Літоўцы будуюць агароджу на мяжы зь Беларусьсю, 5 лістапада 2021 г.
Літоўцы будуюць агароджу на мяжы зь Беларусьсю, 5 лістапада 2021 г.

Прэзыдэнты Латвіі Літвы і Эстоніі выступілі з супольнай заявай пра сытуацыю на мяжы Эўразьвязу зь Беларусьсю па выніках сустрэчы ў Вільні 15 лістапада.

У заяве яны, у прыватнасьці:

  • асуджаюць дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, які інструмэнталізуе міграцыю для палітычных мэтаў;
  • выказваюць заклапочанасьць бясьпекай мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі і якіх прымушаюць парушаць мяжу Эўрапейскага Зьвязу;
  • заклікаюць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за кантрабанду людзей;
  • выказваюць гатоўнасьць працягваць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці.

8 лістапада тысячы мігрантаў прыйшлі да калючага дроту на мяжы Беларусі з Польшчай. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць. 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.

Літва з 10 лістапада ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.

Ужо восьмы дзень на памежнай паласе зь беларускага боку намагаюцца прарвацца ў Польшчу тысячы мігрантаў. Польскія войскі стрымліваюць гэтыя спробы, эўрапейскія палітыкі абяцаюць санкцыі супраць Лукашэнкі.

15 лістапада, праз тыдзень пасьля ўтварэньня намётавага мястэчка на беларуска-польскай мяжы, мігранты прыйшлі на памежны пераход і просяць прапусьціць іх у Польшчу. Польскія службы кажуць мігрантам, што тыя сталі ахвярамі хлусьні рэжыму Лукашэнкі.

Улады ЭЗ заяўляюць, што да перакідваньня мігрантаў маюць дачыненьне беларускія сілавікі і сваякі Лукашэнкі, і лічаць тое, што адбываецца, часткай «гібрыднай вайны», якую Беларусь вядзе з ЭЗ. Мігрантаў дастаўляюць у Менск пры дапамозе дзяржаўнай турыстычнай кампаніі, а на мяжу прывозяць у суправаджэньні сілавікоў. У сувязі з гэтым ЭЗ зьбіраецца прыняць пяты пакет санкцый супраць Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG