Як сьцьвярджае Асечкін, у актах згвалтаваньняў удзельнічалі людзі, афіцыйна працаўладкаваныя ў шпіталь санітарамі і заўгасамі, а курыравалі іх начальства абласнога УФСІН, начальнік аддзелу «М» рэгіянальнага ўпраўленьня ФСБ і адзін з намесьнікаў дырэктара ФСВП Расеі. У апісаньні да відэа праваабаронца прыводзіць іх прозьвішчы. Усяго ў сьпісе 13 чалавек.
Па словах Асечкіна, відэа са згвалтаваньнямі перадавалі кіраўніцтву сухотнага шпіталя, пасьля чаго файлы з грыфам «сакрэтна» перапраўлялі ў ФСВП і ФСБ са справаздачай аб праведзеным «спэцыяльным мерапрыемстве». Пасьля гэтага апэратыўнікі ФСВП і ФСБ альбо вэрбавалі ахвяр катаваньняў і выкарыстоўвалі іх у якасьці агентаў, альбо, у выпадку адмовы, дыскрэдытавалі іх у асяродзьдзі зьняволеных, абвяшчаючы пра факт згвалтаваньня.
У кастрычніку заснавальнік праваабарончага праекту Gulagu. net Уладзімір Асечкін, які раней пакінуў Расею, заявіў, што ў яго рукі патрапіў вялізарны відэаархіў з катаваньнямі ў расейскіх турмах. Ён атрымаў яго ад беларускага праграміста Сяргея Савельева, які раней супрацоўнічаў з ФСВП. Частка архіва ўжо апублікавана ў СМІ і накіравана ў Эўрапейскі камітэт па прадухіленьні катаваньняў. Сьцьвярджаецца, што расейскія спэцслужбы выкарыстоўвалі файлы ў якасьці кампрамату, каб шантажаваць асуджаных і дамагацца ад іх патрэбных паказаньняў.
Пасьля публікацыі архіву Сьледчы камітэт Расеі завёў некалькі крымінальных спраў па фактах перавышэньня службовых паўнамоцтваў, а начальнік саратаўскага УФСІН Аляксей Фядотаў падаў у адстаўку.
Аднак пазьней ФСБ і МУС Расеі аб’явілі Сяргея Савельева ў вышук, заявіўшы таксама аб падрыхтоўцы дакумэнтаў для яго арышту і экстрадыцыі. Нібыта праграміст абнародаваў дадзеныя, якія складаюць службовую таямніцу. Цяпер Савельеў знаходзіцца ў Францыі, дзе разглядаецца пытаньне аб прадстаўленьні яму палітычнага прытулку.