Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыклад Сяргея Савельева: зьявіліся новыя відэа катаваньняў у расейскіх турмах


Пратэстная акцыя ў Расеі, архіўнае фота
Пратэстная акцыя ў Расеі, архіўнае фота

Відэа з катаваньнямі яшчэ ў чатырох калёніях атрымаў праваабарончы праект Gulagu.net. Інфарматары выйшлі на сувязь з рэсурсам пасьля публікацыі сьведчаньняў зьдзекаў у саратаўскім сухотным шпіталі № 1 Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў.

Пра гэта ў эфіры расейскага тэлеканалу «Дождь» расказаў заснавальнік праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін.

«Відаць, шмат людзей, якія маюць доступ да сакрэтнага відэаархіву ў Расеі, прасякнуліся прыкладам Сяргея Савельева і вырашылі нам дапамагаць. Цяпер як мінімум чатыры чалавекі паэтапна адпраўляюць файлы, якія пацьвярджаюць: падобнае адбывалася і ў іншых установах, падначаленых Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў», — падкрэсьліў Уладзімір Асечкін.

На наступным тыдні Gulagu.net плянуе апублікаваць дакумэнтальны фільм аб катаваньнях у турэмным шпіталі Саратава, дзе назаве прозьвішчы супрацоўнікаў адміністрацыі і зьняволеных, якія ўдзельнічалі ў зьдзеках. Паводле праваабаронцы, толькі сьпіс вязьняў, якія дзяжурылі падчас катаваньняў, перавышае паўтара дзясятка чалавек.

У пачатку кастрычніка праект Gulagu.net аб’явіў пра атрыманьне сакрэтнага відэаархіву з катаваньнямі і згвалтаваньнямі асуджаных у папраўчых установах Іркуцкай, Саратаўскай і Уладзімірскай абласьцей. Гэтыя матэрыялы перадаў беларускі ІТ-інжынэр Сяргей Савельеў, які адбываў працяглы тэрмін за перавозку і збыт наркотыкаў.

Сяргей Савельеў незадоўга да гэтага зьехаў у Францыю, дзе плянуе атрымаць палітычны прытулак. 23 кастрычніка МУС Расеі аб’явіла яго ў вышук, ён завочна арыштаваны.

Беларусу ставіцца ў віну «неправамерны доступ да кампутарнай інфармацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG