Прадстаўнік ICAO патлумачыў Радыё Свабода, што гэта было зроблена празь вялікі аб'ём атрыманай інфармацыі і патрэбу атрымаць дадатковыя тлумачэньні ад беларускай дзяржавы.
Раней чакалася, што высновы расьсьледаваньня будуць агучаныя ў лістападзе на сэсіі Рады ICAO.
Прымусовая пасадка самалёта, на якім ляцелі журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, адбылася 23 траўня. Улады Беларусі патлумачылі пасадку паведамленьнем пра тое, што на борце самалёта нібыта была бомба. Пасьля пасадкі Пратасевіча і Сапегу затрымалі.
На пачатку чэрвеня Эўрапейскі Зьвяз забараніў усім беларускіх авіякампаніям палёты ў паветранай прасторы ЭЗ, а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ. У заяве Эўрапейскай рады тлумачылася, што гэтае рашэньне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленьне 23 траўня ў Менску рэйсу Ryanair, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бясьпеку». У высновах таксама асуджалася затрыманьне Пратасевіча і Сапегі.
2 чэрвеня Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўразьвязу (EASA) выпусьціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі.