Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты ля польскай мяжы ў Горадзенскай вобласьці 9 лістапада 2021
Мігранты ля польскай мяжы ў Горадзенскай вобласьці 9 лістапада 2021

Мігранцкі крызіс на мяжы: што адбываецца 9 лістапада. ОНЛАЙН

  • 8 лістапада тысячы мігрантаў прыйшлі да калючага дроту на мяжы Беларусі з Польшчай. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.
  • 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.
  • Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) выказала гатоўнасьць садзейнічаць вырашэньню гуманітарных праблем мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.
  • Літва ад 0 гадзін 10 лістапада ўводзіць рэжым надзвычайнага становішча ў памежных раёнах зь Беларусьсю.
12:40 9.11.2021

Беларускія памежнікі апублікавалі відэа зь мяжы

Відэа зьявілася ў афіцыйным тэлеграм-канале памежнага ведамства Беларусі.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведамляе, што мігрантам не хапае ежы і вады, сярод іх цяжарныя жанчыны і немаўляты. Мігранты пераважна курдзкага паходжаньня знаходзяцца на беларускім баку мяжы.

12:37 9.11.2021

Прывозілі новых мігрантаў, але спробаў штурму не было. Польскія памежнікі пра сытуацыю на мяжы

Прэс-сакратарка Падляскага аддзелу Памежнай службы Польшчы Катажына Здановіч расказала журналістам пра апошнія навіны з польска-беларускага памежжа, побач з пераходам Брузгі – Кузьніца Беластоцкая.

Што яна паведаміла:

  1. Пераход у Кузьніцы закрыты ад 7:00 раніцы. Ён адновіць працу, калі сытуацыя на гэтым адрэзку мяжы стане спакойнай.
  2. Польскія памежнікі зьвярталіся да беларускага боку, каб тыя забралі мігрантаў ад мяжы, але ніякіх дзеяньняў ня было зроблена.
  3. На гэты момант на адрэзку мяжы, дзе ўчора сабраліся мігранты, знаходзіцца да 800 чалавек.
  4. Уначы не было было агрэсіўных здарэньняў, не было спробаў штурмаваць мяжу.
  5. Ад учора на мяжу прывозілі чарговых мігрантаў.
  6. У лесе, побач зь мяжой, можа знаходзіцца 3-4 тысячы чалавек.
  7. На згаданым адрэзку польскую мяжу ахоўвае каля 2 тысяч сілавікоў.
  8. За панядзелак польскія памежнікі зафіксавалі 309 спробаў нелегальна трапіць у Польшчу.
12:18 9.11.2021

Прэзыдэнт Польшчы паінфармаваў пра крызыс кіраўніцтва NATO

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда меў размову з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам і абяцаў трымаць Паўночна-атлянтычны альянс у курсе ўсіх спраў на памежжы зь Беларусьсю. NATO уважліва сочыць за сытуацыяй.

Енс Столтэнбэрг заявіў, што выкарыстаньне Беларусьсю мігрантаў — гібрыдная тактыка, якая зьяўляецца недапушчальнай. NATO салідарны з Польшчай і сваімі хаўрусьнікамі ў рэгіёне.

11:55 9.11.2021

МЗС Беларусі выступіў з заявай аб правакацыях

У беларускім Міністэрстве замежных спраў заявілі, што стаўленьне польскага боку да іншаземцаў, якія шукаюць прыстанішча і абароны, «стане чарговым тэстам і лякмусавай паперкай рэальнай прыхільнасьці афіцыйнай Варшавы прынцыпам міжнароднага права».

Таксама МЗС Беларусі засьцерагае Польшчу «ад выкарыстаньня любых правакацый для апраўданьня магчымых незаконных сілавых дзеяньняў у дачыненьні бяздольных бяззбройных людзей, сярод якіх шмат непаўналетніх дзяцей і жанчын».

Чаму беларускі бок не падтрымаў мігрантаў і не прапанаваў прыстанішча ў сваёй краіне, МЗС Беларусі не сказаў.

11:51 9.11.2021

Польскі прэм'ер прыбыў на мяжу

На мяжу прыбылі прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі і міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак. У сваёй прамове перад памежнікамі, паліцыянтамі і вайскоўцамі Маравецкі заявіў, што ў гэты момант Польшча здае тэст на здольнасьць бараніць свае межы, адстойваць сваю незалежнасьць.

11:42 9.11.2021

Польскія памежнікі заявілі пра 309 спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы за мінулыя суткі

17 чалавек, пераважна грамадзян Іраку, затрымалі, паведаміла Памежная служба Польшчы. Таксама польскія службы выдалі мігрантам 85 пастановаў пра высылку з краіны. 6 чалавек за дзень затрымалі за спрыяньне нелегальнай міграцыі.

11:41 9.11.2021

Сотні нелегалаў перайшлі да літоўскай мяжы

Беларускія сілавікі загадалі мігрантам ехаць ноччу ў Літву, піша delfi.lt.

Група мігрантаў налічвае прыкладна 500 чалавек, зьявілася і відэа іх знаходжаньня на літоўскай мяжы. Агулам да поўначы і пасьля літоўскім памежнікі прадухілілі звыш 150 спробаў пранікнуць на літоўскую тэрыторыю. Як сьцьвярджаюць у Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, беларускія памежнікі падзялілі мігрантаў на некалькі групаў, каб яны прарываліся празь мяжу з розных бакоў.

Таксама літоўскі бок паведаміў пра вялікую колькасьць беларускіх вайскоўцаў, што знаходзяцца непадалёк мігрантаў з сабакамі.

11:32 9.11.2021

Беларускія сілавікі трапілі на відэа

Да мяжы ідзе калёна беларускіх сілавікоў, паказана на відэа, зьнятым польскім Міністэрствам нацыянальнай абароны.

11:24 9.11.2021

Што адбылося ўчора, 8 лістапада

Увесь дзень у нашай хроніцы.

11:06 9.11.2021

У памежнай паласе, як і напярэдадні, чуваць стрэлы

Пакуль невядома, адкуль яны.

11:01 9.11.2021

Польская паліцыя: ноч прайшла спакойна

Паліцыя Падляскага ваяводзтва паведаміла, што ноч на мяжы прайшла параўнальна спакойна. Адзіным інцыдэнтам стаў кінуты ў паліцэйскі аўтамабіль камень.

XS
SM
MD
LG