Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Беларусь кантралюе межы. Паглядзелі, што ў дакумэнтах і абавязаньнях дзяржавы


Мігранты на беларуска-польскай мяжы, 8 лістапада 2021
Мігранты на беларуска-польскай мяжы, 8 лістапада 2021

Між Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам абвастраецца міграцыйны крызіс, які пачаўся сёлета ў ліпені спачатку на мяжы зь Літвой, потым — Латвіяй, і цяпер — з Польшчай.

Свабода прааналізавала, якія абавязаньні мае Беларусь наконт папярэджаньня незаконнай міграцыі, зь якімі краінамі мае двухбаковыя ўгоды аб ахове мяжы і што мусяць правяраць беларускія памежнікі пры перасячэньні іншаземцамі межаў Беларусі.

Супольная з Расеяй ахова эўрапейскай мяжы

У 1995 годзе Беларусь падпісала з Расеяй пагадненьне аб супольных намаганьнях дзеля аховы дзяржаўнай мяжы Беларусі. Паводле яго, пад «дзяржаўнай мяжой Беларусі» бакі разумелі мяжу Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Другі артыкул пагадненьня прадугледжвае, што ахову гэтага ўчастку ажыцьцяўляюць памежныя войскі Беларусі ў супрацы з памежнымі войскамі Расеі. У прыватнасьці, гаворка ішла пра стварэньне адмысловай апэратыўнай групы. Яе колькасьць і структуру вызначаюць камандуючыя памежных войскаў Беларусі і Расеі. Расейска-беларускае пагадненьне дагэтуль чыннае. Але інфармацыі пра фармаваньне супольнай апэратыўнай групы ў адкрытых крыніцах няма.

Апэратыўная супраца з Эўропай

У 2009 годзе Беларусь падпісала мэмарандум аб апэратыўнай супрацы Дзяржаўнага памежнага камітэту з Эўрапейскім агенцтвам па ахове зьнешніх межаў (FRONTEX).

Галоўныя мэты гэтага дакумэнту:

  • супрацьдзеяньне незаконнай/нерэгулярнай міграцыі і зьвязанай зь ёю трансьмежавой злачыннасьці пры дапамозе кантраляваньня межаў
  • умацаваньне бясьпекі на межах між Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу
  • разьвіцьцё даверлівых дачыненьняў між органамі памежнай аховы краін Эўразьвязу і Беларусі
  • садзейнічаньне захадам, ухваленым Дзяржаўным памежным камітэтам Беларусі і FRONTEX

Асобна ў мэмарандуме адзначаецца, што ўсё, што ў ім прадугледжана, ня ёсьць міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі. Пераважна дзейнасьць і супраца двух бакоў ажыцьцяўлялася ў выглядзе навучаньня памежнікаў, аналізу выклікаў і рызыкаў у кантраляваньні мяжы, абмене інфармацыі і каардынацыі супольных дзеяньняў.

У ліпені 2020 году арганізацыя FRONTEX абвясьціла пра новую праграму Border UAS для Беларусі і яшчэ 5 краін па выкарыстаньні дронаў для павелічэньня эфэктыўнасьці аховы межаў. Яна будзе трываць да траўня 2023 году.

Але сёлета зь ліпеня афіцэры FRONTEX накіраваліся ў Літву, Латвію і Польшчу для дапамогі і разьвязаньня міграцыйнага крызісу на мяжы зь Беларусьсю.

Абавязаньні Беларусі былі вызначаныя ўжо ў пагадненьні з Эўразьвязам аб рэадмісіі, падпісаным у студзені 2020 году. Паводле яго, Беларусь абавязвалася прымаць нелегальных мігрантаў, якія трапілі празь беларускую тэрыторыю ў краіны Эўразьвязу і былі там затрыманыя. У кастрычніку Беларусь у аднабаковым парадку выйшла з гэтага пагадненьня.

Да падпісаньня гэтага пагадненьня Эўразьвяз у рамках праграмы трансьмежавой супрацы «Польшча — Беларусь — Украіна» на 2014–2020 гады фінансаваў, сярод іншага, і стварэньне памежнай інфраструктуры. Беларусь атрымала амаль трэцюю частку з 183 мільёнаў эўра, выдзеленых Эўрапейскай камісіяй на фінансаваньне гэтай праграмы, у тым ліку і на мадэрнізацыю пунктаў пропуску «Брузгі» і «Бераставіца» на мяжы Беларусі з Польшчай, дзе цяпер адбываюцца атакі мігрантаў.

Абмен інфармацыяй з Украінай

У лістападзе 2020-га Беларусь і Ўкраіна падпісалі абноўлены пратакол аб абмене інфармацыяй між памежнымі органамі. Гэта прадугледжана чынным двухбаковым пагадненьнем пра супрацу ў памежных і мытных пытаньнях, падпісаным у сьнежні 1992 году.

Галоўная мэта дакумэнту — каардынацыя захадаў, накіраваных на папярэджаньне незаконнага перамяшчэньня празь беларуска-ўкраінскую мяжу асобаў, транспартных сродкаў і тавараў.

Асобна абавязаньні Беларусі і Ўкраіны вызначаныя ў двухбаковым пагадненьні аб рэадмісіі, падпісаным у 2018 годзе. Яно набыло юрыдычную моц у жніўні 2020-га. Дакумэнт вызначае ўзаемныя абавязаньні дзяржаў прымаць на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, а таксама грамадзян трэціх краін і асобаў без грамадзянства, якія незаконна ўехалі на іхную тэрыторыю або незаконна знаходзяцца на ёй. Апроч таго, пад дзеяньне гэтага дакумэнту падпадаюць грамадзяне, якія страцілі падставы для легальнага знаходжаньня ў іншай краіне. Тэкст угоды даступны ў заканадаўчай базе Ўкраіны. ​

Віза як спосаб рэгуляваньня міграцыі

Беларусь, як і большасьць эўрапейскіх краін, мае візавы рэжым зь дзяржавамі, грамадзяне якіх найчасьцей становяцца незаконнымі мігрантамі.

Згодна з правіламі перасячэньня беларускай мяжы замежнікамі, беларускія консульскія службы павінны адмаўляць у выдачы візы, калі ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што іншаземец можа ўхіліцца ад выезду зь Беларусі па завяршэньні дазволенага тэрміну знаходжаньня або выкарыстаць беларускую тэрыторыю для незаконнай міграцыі ў трэцюю краіну.

Адначасова, згодна з правіламі транзытнага праезду замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства праз тэрыторыю Беларусі, зацьверджанымі пастановай ураду, выкананьне гэтых правілаў мусяць кантраляваць органы ўнутраных спраў у супрацы з органамі дзяржаўнай бясьпекі, памежнай і мытнай службаў.

Што трэба, каб прайсьці кантроль пры ўезьдзе ў Беларусь

У звычайных умовах грамадзянін іншай краіны, зь якой дзейнічае візавы рэжым, павінен мець мэдычную страхоўку і дакумэнты, якія фінансава гарантуюць знаходжаньне ў Беларусі.

Цягам 10 дзён пасьля прыезду іншаземец мусіць зарэгістравацца па месцы пражываньня.

Па заканчэньні візы замежнікі абавязаныя выехаць зь Беларусі. Іначай яны атрымаюць забарону на ўезд на беларускую тэрыторыю ў будучыні.​

Ці кантралююць памежнікі выезд замежнікаў зь Беларусі

Паводле міжнароднай практыкі, памежнікі павінны правяраць у асобаў, якія перасякаюць беларускую мяжу на выезд, дакумэнты на права выехаць. То бок пры адсутнасьці, напрыклад, візы пры выезьдзе ў напрамку Літвы, Польшчы, Латвіі ці Ўкраіны грамадзянін ня мае права пакінуць межы беларускага пункту пропуску.

Апроч таго, памежнікі мусяць правяраць дакумэнты грамадзян і транспарт, якія знаходзяцца па-за пунктамі пропуску ў памежных раёнах і зонах, а ў выпадках, калі яны там знаходзяцца незаконна, — затрымліваць і перадаваць праваахоўным органам. Памежнікам таксама забараняецца прымаць і перадаваць любыя рэчы ці прадметы ад староньніх асобаў.

У выпадку, калі сумежныя краіны пацьвердзяць незаконны ўезд замежнікаў з тэрыторыі Беларусі, паводле прынцыпаў рэадмісіі Беларусь абавязаная прыняць іх назад. Але з усіх суседзяў адпаведнае пагадненьне падпісанае і дзейнічае толькі з Украінай.

Хто ўплывае на памежную палітыку Беларусі

Паводле закону аб органах памежнай службы Беларусі агульнае кіраўніцтва імі ажыцьцяўляе прэзыдэнт Беларусі, а таксама Савет міністраў у межах дэлегаваных яму паўнамоцтваў (напрыклад, распрацоўвае нарматыўныя акты па рэалізацыі галіновых законаў і ўказаў прэзыдэнта).

Прэзыдэнт прызначае і звальняе кіраўніцтва Дзяржаўнага памежнага камітэту, зацьвярджае палажэньне аб ім, вызначае агульную колькасьць і структуру органаў памежнай службы, зацьвярджае пералік узбраеньня, баявой тэхнікі і спэцыяльных сродкаў для памежнай службы, а таксама ўхваляе рашэньні па прававой і сацыяльнай абароне пэрсаналу органаў памежнай службы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG