Крыніцы кажуць, што 4-ы артыкул NATO пакуль ня будзе ўводзіцца ў дзеяньне, але гэтага нельга выключаць у будучыні.
Пытаньне пра сытуацыю на беларуска-польскай мяжы таксама мае абмяркоўвацца амбасадарамі краін Эўразьвязу ў сераду. Працягваецца праца над пятым пакетам санкцый ЭЗ супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і чакаецца, што ён можа быць гатовы да сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу 15 лістапада. Паводле апошніх зьвестак, у гэтым пакеце будзе каля 30 фізычных і юрыдычных асобаў.
Раней, выступаючы 8 лістапада на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве, былы прэзыдэнт Эўрапейскай Рады і колішні польскі прэм’ер Дональд Туск заявіў:
«Магчыма, ужо час падумаць, ці не прыйшоў час пачаць рэалізацыю 4-га артыкулу NATO. Калі нашая мяжа будзе пад пагрозай фізычнага ціску пры ўдзеле беларусаў, я маю на ўвазе беларускія службы, то, думаю, гэта нагода пачаць кансультацыі ў рамках Паўночна-атлянтычнага альянсу. Бо гэта ўжо датычыць бясьпекі ўсёй усходняй мяжы ЭЗ і NАТО, такіх краін як Польшча і Літва». — сказаў Туск.
Што такое 4-ты артыкул NATO
Гэты артыкул прадугледжвае правядзеньне надзвычайных кансультацый у NATO, калі адна з краін альянсу лічыць, што яе незалежнасьць, тэрытарыяльная цэласнасьць або бясьпека апынуліся пад пагрозай. Артыкул гучыць так:
«Бакі будуць кансультавацца разам, калі — на думку любога зь іх — тэрытарыяльная цэласнасьць, палітычная незалежнасьць або бясьпека любога з бакоў знаходзяцца пад пагрозай».
Наступны артыкул Статуту NATO, 5-ы, прапісвае дзеяньні краін супольнасьці ў выпадку нападу на адну або некалькі краін альянсу. Гэты артыкул абавязвае разглядаць такі напад як атаку на альянс у цэлым. Ён ужываўся толькі аднойчы ў гісторыі — пасьля тэрактаў у ЗША 11 верасьня 2001 году.