Пра гэта інфармуе «Интерфакс-Запад».
Гэта вынікае з пратаколаў паміж урадамі РФ і Беларусі, якія ў панядзелак апублікаваныя на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.
У Беларусі з 1995 году разьмешчаныя два расейскія вайсковыя аб’екты — 43-ці вузел сувязі Вайскова-марскога флёту Расеі «Вілейка» і радыёлякацыйная станцыя «Волга», якая працуе ў складзе расейскай сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе (СПРН).
20 кастрычніка ў Маскве кіраўнікі вайсковых ведамстваў Расеі і Беларусі Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін падпісалі дакумэнты аб прадаўжэньні тэрмінаў дзеяньня пагадненьняў аб разьмяшчэньні на беларускай тэрыторыі гэтых двух аб’ектаў. Тэрмін, на які працягваліся дамовы, названы ня быў.
РЛС «Волга» (разьмешчана недалёка ад гарадоў Баранавічы і Ганцавічы) створана ў 1980-х гадах, зьяўляецца элемэнтам расейскай СПРН, уваходзіць у структуру касьмічных войскаў. «Волга» здольная выяўляць балістычныя ракеты, касьмічныя аб’екты, ідэнтыфікаваць іх і адсочваць траекторыю, разьлічваючы пункты старту і падзеньня. Апроч тэрыторыі Заходняй Эўропы, станцыя кантралюе раёны патруляваньня падлодак NATO ў Паўночнай Атлянтыцы і Нарвэскім моры.
Вузел сувязі «Вілейка», разьмешчаны ў аднайменным горадзе, дзейнічае з 1964 году і забясьпечвае сувязь на звышдоўгіх хвалях Галоўнага штабу ВМФ Расеі з атамнымі падводнымі лодкамі, якія нясуць баявое дзяжурства ў раёнах Атлянтычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў. Таксама праводзіць радыётэхнічную разьведку і радыёэлектронную барацьбу і працуе ў інтарэсах іншых відаў ВС Расеі.