Дарадца Ціханоўскай прапанаваў уладам Польшчы і Літвы прыпыніць перавозку грузаў празь беларускую мяжу
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка прапанаваў уладам Польшчы і Літвы зрабіць захады ў адказ на эскаляцыю крызісу на мяжы:
Тэрмінова спыніць грузавыя перавозкі (аўтамабілі і цягнікі) да стабілізацыі сытуацыі на мяжы з ЭЗ.
Прыняць санкцыі ў дачыненьні да банкаў рэжыму і праваахоўных органаў, адказных за незаконны ўвоз мігрантаў.
Беларуская дзяржаўная агенцыя «БелТА» апублікавала фота і відэа зь мяжы
Дзяржпагранкамітэт Беларусі сцвярджае, што «ўсе гэтыя людзі не прадстаўляюць пагрозу бяспецы і не паводзяць сябе агрэсіўна».
Фотакарэспандэнты і журналісты БелТА маюць магчымасьць працаваць на мяжы. На фота бачна, што мігранты сякуць дрэвы, пакуль яны застаюцца на тэрыторыі Беларусі.
Польшча: штурм польскай мяжы адбываецца «ў прысутнасьці і пад кантролем беларускіх службаў»
Міністэрства абароны Польшчы публікуе ў Твітэры фота беларускіх сілавікоў і сьцьвярджае, што штурм польскай мяжы адбываецца «ў прысутнасьці і пад кантролем беларускіх службаў»
Чарговая спроба прарыву мяжы
Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы апублікавала відэа чарговай спробы прарыву беларуска-польскай мяжы.
Kolejne próby forsowania granicy przez migrantów w rejonie Kuźnicy. pic.twitter.com/0Qv2K1RVcz
— Ministerstwo Obrony Narodowej 🇵🇱 (@MON_GOV_PL) November 8, 2021
Як мігранты спрабуюць пашкодзіць памежную агароджу бярвёнамі
Зьвявілся відэа, як мігранты спрабавалі пашкодзіць памежную агароджу бярвёнамі.
Ціханоўская: «Рэжым Лукашэнкі зладзіў беспрэцэдэнтную міжнародную правакацыю»
Палітык пракамэнтавала падзеі каля пераходу «Брузгі — Кузьніца» на беларуска-польскай мяжы.
«Сёньня рэжым зладзіў беспрэцэдэнтную міжнародную правакацыю: сотні людзей, якія даверылі яму свае лёсы, рэжым выкінуў на мяжу з Польшчай у ачапленьні ўзброеных сілавікоў. Мы бачым гэтыя жахлівыя кадры і памятаем, што на мяжы ўжо гінулі мігранты. Нельга дапусьціць, каб чарговая правакацыя прывяла да эскаляцыі гвалту і новых ахвяр».
Таксама, на думку Ціханоўскай, зараз неабходны рашучы адказ з боку Эўразьвязу, а ААН павінна разгледзець магчымасьць адправіць гуманітарную місію ў Беларусь.
Дональд Туск прапанаваў рэалізацыю 4-га артыкула NATO. Што гэта значыць
Былы прэзыдэнт Эўрапейскай Рады і колішні польскі прэм’ер Дональд Туск заклікаў урад краіны распрацаваць плян па прадухіленьні мігранцкага крызісу на мяжы зь Беларусьсю.
«Магчыма, ужо час падумаць, ці не прыйшоў час пачаць рэалізацыю 4-га артыкула NATO. Калі нашая мяжа будзе пад пагрозай фізычнага ціску пры ўдзеле беларусаў, я маю на ўвазе беларускія службы, то, думаю, гэта нагода пачаць кансультацыі ў рамках Паўночнаатлянтычнага альянсу. Бо гэта ўжо датычыць бясьпекі ўсёй усходняй мяжы ЭЗ і NАТО, такіх краін, як Польшча і Літва», — сказаў Туск.
Згаданы Тускам артыкул прадугледжвае правядзеньне надзвычайных кансультацый у NATO, калі адна з краін альянсу лічыць, што яе незалежнасьць, тэрытарыяльная цэласнасьць або бясьпека апынуліся пад пагрозай.
Мігранты спрабавалі прарваць беларуска-польскую мяжу. ВІДЭА
Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы апублікавала ў сваім Твітэры відэа, на якім бачна, як група мігрантаў спрабуе прарваць агароджу на беларуска-польскай мяжы.
«Польскія службы прадухілілі спробу мігрантаў прарвацца на польскі бок на поўдзень ад памежнага пераходу ў Кузьніцы. Сытуацыя знаходзіцца пад кантролем», — гаворыцца ў твіце міністэрства.