Пра сьмерць паэта паведамілі яго блізкія.
Ганад Чарказян нарадзіўся 18 кастрычніка 1946 году ў Армэніі. Па нацыянальнасьці ён курд-езід. Пасьля школы вучыўся ў тэхнічнай вучэльні № 1 у Ерэване. Перад войскам працаваў на суднарамонтным заводзе ў Туапсэ, а пасьля — выхавальнікам у ПТВ армянскага Эчміяцыну.
З 1973 году жыў у Беларусі. Спачатку быў на пасадзе старшага тэхніка ў Беларускім дарожным навукова-дасьледчым інстытуце. Пазьней стаў інжынэрам рамонтна-будаўнічага ўпраўленьня № 10, начальнікам участку рамонтна-будаўнічага ўпраўленьня № 15, інжынэрам-тэхнолягам менскага ўчастку Слонімскай фабрыкі «Гатэльная мэбля».
Завочна скончыў Ерэванскі індустрыяльны тэхнікум і Беларускі політэхнічны інстытут.
Друкаваўся з 1977 году, першая кніга выйшла ў 1980 годзе. Пісаў на армянскай, курдзкай і расейскай мовах.
У творчым багажы — зборнікі паэзіі «Трываласьць» (у арыгінале па-армянску), «Колер дабрыні» (па-курдзку), «Прастора і час» (па-курдзку) ды іншыя. Чарказян ганарыўся асабістым сяброўствам зь беларускімі клясыкамі — Васілём Быкавым, Петрусём Броўкам, Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Іванам Шамякіным.
У верасьні 2017 году Ганад Чарказян даваў інтэрвію Радыё Свабода пра рэфэрэндум аб незалежнасьці Ірацкага Курдыстану. Ён быў упэўнены, што яго гістарычная радзіма рана ці позна здабудзе незалежнасьць, але на той момант выказваў сумневы, што гэта адбудзецца лёгка, бо няма падтрымкі Эўразьвязу і ЗША, а Турэччына, Іран і Сырыя самі баяцца росту сэпаратысцкіх настрояў у курдаў.