Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі курд Ганад Чарказян: «Беларусам пашанцавала зь незалежнасьцю, маім землякам — не»


Ганад Чарказян
Ганад Чарказян

На рэфэрэндуме 25 верасьня курдзкі рэгіён Іраку мае прагаласаваць за сваю незалежнасьць — гэта больш за 5 мільёнаў зарэгістраваных выбарнікаў. Аналітыкі не сумняваюцца, што курды скажуць «так» на карысьць сваёй дзяржавы. Але ці прыслухаецца да іхнага меркаваньня міжнародная супольнасьць?

Прэзыдэнт рэгіянальнага ўраду Курдыстану Масуд Барзані напярэдадні рэфэрэндуму заявіў, што галасаваньне носіць рэкамэндацыйны характар і стане першым крокам у доўгім працэсе перамоваў аб незалежнасьці рэгіёну, які адыгрывае важную ролю ў вайне з джыгадыстамі.

Рэфэрэндум зь непрадказальнымі наступствамі

Мітынг напярэдадні рэфэрэндуму. Жанчына трымае курдзкі сьцяг
Мітынг напярэдадні рэфэрэндуму. Жанчына трымае курдзкі сьцяг

​А як да волевыяўленьня грамадзянаў безь дзяржавы ставяцца этнічныя курды, якія жывуць у Беларусі?

Ганад Чарказян — паэт. Піша на курдзкай, армянскай, беларускай, расейскай мовах. Паходзіць з курдаў-езідаў, якія шанавалі культ пакланеньня агню. Больш за 40 гадоў жыве ў Менску, пераехаў сюды з Армэніі.

Нарадзіўся ў 1946 годзе ў сяле Ерасхагун Актэмбэр’янскага раёну. Пасьля школы вучыўся ў тэхнічнай вучэльні № 1 у Ерэване. Перад войскам працаваў на суднарамонтным заводзе ў Туапсэ, а пасьля — выхавальнікам у ПТВ армянскага Эчміяцыну.

Пачынаючы ад 1973 году — на пасадзе старшага тэхніка ў Беларускім дарожным навукова-дасьледчым інстытуце. Пазьней інжынэр рамонтна-будаўнічага ўпраўленьня № 10, начальнік участку рамонтна-будаўнічага ўпраўленьня № 15, інжынэр-тэхноляг менскага ўчастку Слонімскай фабрыкі «Гатэльная мэбля».

Завочна скончыў Ерэванскі індустрыяльны тэхнікум і Беларускі палітэхнічны інстытут.

У Беларусі друкуецца ад 1977 году. У творчым багажы — зборнікі паэзіі «Трываласьць» (у арыгінале па-армянску), «Колер дабрыні» (па-курдзку), «Прастора і час» (па-курдзку) ды іншыя. Ганарыцца асабістым сяброўствам зь беларускімі клясыкамі — Васілём Быкавым, Петрусём Броўкам, Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Іванам Шамякіным.

Наступствы могуць быць вельмі дрэнныя, нават жахлівыя. Але што рэфэрэндум пройдзе — сто працэнтаў. Бо гэта шанец зрабіць хоць бы першы крок.

«Я не сумняваюся, што рэфэрэндум аб незалежнасьці Курдыстану адбудзецца і будзе пасьпяховым, — кажа Свабодзе Ганад Чарказян. — А вось якія будуць наступствы, баюся нават прагназаваць. Таму што ўсе так званыя „таварышы“, якія раней прыкідваліся сябрамі, насамрэч такімі не зьяўляюцца. Проста сьмешна ўспрымаць іх усур’ёз, бо ніхто з вынікамі не пагодзіцца — ні Ірак, ні Эўразьвяз, ні ЗША. Хоць ім за сваю пазыцыю павінна быць сорамна... Таму наступствы могуць быць вельмі дрэнныя, нават жахлівыя».

Злучаныя Штаты ды заходняя кааліцыя ўжо выказалі занепакоенасьць, што рэфэрэндум можа пашкодзіць намаганьням у вайне супраць экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава». Таксама супраць рэфэрэндуму выступае ўрад Іраку. Напружыліся Турэччына, Іран і Сырыя, якія самі маюць значныя курдзкія меншасьці і асьцерагаюцца росту сэпаратысцкіх настрояў.

Да сапраўднай свабоды, гістарычнай справядлівасьці ніякага дачыненьня гэта ня мае, улічваюцца толькі стратэгічныя інтарэсы. Дзе нафта, газ, карысныя выкапні — там і „стратэгі“.

«Паглядзіце, што робіцца навокал — проста неверагодныя рэчы, — працягвае суразмоўца. — Адным можна, іншым нельга. Незалежнасьць Косава — добра, рэфэрэндум у Каталёніі — дрэнна. Абсалютныя двайныя стандарты. Таму да сапраўднай свабоды, гістарычнай справядлівасьці ніякага дачыненьня гэта ня мае, улічваюцца толькі стратэгічныя інтарэсы. Дзе нафта, газ, карысныя выкапні — там і „стратэгі“. У Кіркуку поўна нафты, значыць, вывесьці яе з-пад кантролю не дадуць, усё разьмеркавана паміж зацікаўленымі гульцамі. Так што, на жаль, сытуацыя цяжкая. Застаецца толькі спадзявацца на разважлівасьць — рана ці позна Курдыстан усё роўна будзе незалежным».

Беларуская падтрымка курдзкага волевыяўленьня

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся з прэзыдэнтам Ірацкага Курдыстану Масудам Барзані. 17 верасьня 2017 году
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся з прэзыдэнтам Ірацкага Курдыстану Масудам Барзані. 17 верасьня 2017 году

​У верасьні 2014 году міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей зрабіў неанансаваны візыт у Ірацкі Курдыстан, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам аўтаноміі Масудам Барзані. Таксама ён наведаў лягер уцекачоў у горадзе Дахук, дзе тысячы курдаў-езідаў, аднаверцаў Ганада Чарказяна, знайшлі паратунак ад баевікоў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Гэта была першая паездка беларускай дэлегацыі такога ўзроўню ў Ірацкі Курдыстан, які атрымаў шырокую аўтаномію ў 2005 годзе, неўзабаве пасьля ўводу амэрыканскіх войскаў і падзеньня ўлады Садама Хусэйна — галоўнага ворага курдзкай незалежнасьці.

«Фактычна пасьля той вайны і крушэньня рэжыму Хусэйна курды атрымалі пэўную аўтаномію, — гаворыць Ганад Чарказян. — Там ёсьць свой прэзыдэнт, сфармаваныя ўласныя ўзброеныя сілы, якія эфэктыўна супрацьстаяць „Ісламскай дзяржаве“. А вось што адбываецца далей — крыўдна і складана, ня ведаю, як лепш той стан вызначыць. Бо курдзкі народ заслугоўвае адэкватнага да сябе стаўленьня, гэта бясспрэчна. Але закулісныя гульні зводзяць усе высілкі да нуля».

Сустрэўшыся з афіцыйнымі асобамі ў Эрбілі, Уладзімер Макей паабяцаў аказваць падтрымку Ірацкаму Курдыстану ў барацьбе з тэрарыстычнай пагрозай, у тым ліку праз сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну. У пацьверджаньне намераў бакі дамовіліся наконт паставак беларускай тэхнікі і харчаваньня.

Амэрыканцы і эўрапейцы курдаў проста чарговым разам выкарыстоўваюць. Тыя за абяцаньні паспрыяць у атрыманьні незалежнасьці б’юць бандытаў, а ў выніку нічога так і не атрымаюць.

«Так, былі спробы наладзіць эканамічныя стасункі. Калі гэта шчыра, то чаму не падтрымліваць? — працягвае суразмоўца. — Няхай будуць вольнымі, Божа мой, нікому ж нічога дрэннага ня робяць! Паглядзіце, што цікава: супраць тэрарыстаў-ідзілаўцаў набольш пасьпяхова ваююць менавіта курды. І, як на маю суб’ектыўную думку, амэрыканцы і эўрапейцы іх проста чарговым разам выкарыстоўваюць. Тыя за абяцаньні паспрыяць у атрыманьні незалежнасьці б’юць бандытаў, а ў выніку нічога так і не атрымаюць. Як здарылася ў 1922 годзе: паміж сабой падзялілі, а пра курдаў забыліся».

За ўсю сваю гісторыю Курдыстан мае вельмі кароткія адрэзкі ўласнай дзяржаўнасьці. На пачатку 1920-х, пасьля распаду Асманскай імпэрыі, паўстала Каралеўства Курдыстан — у геакультурнай прасторы курдаў і пад юрысдыкцыяй Брытанскага мандату ў Мэсапатаміі. Аднак у гэты ж час былі знойдзеныя багатыя нафтавыя радовішчы і зацікаўленыя краіны на падставе Лязанскай дамовы падзялілі «ласы кавалак» паміж Брытаніяй, Францыяй і Турэччынай. У 1924 годзе сувэрэнітэт каралеўства быў ануляваны.

Ілюстрацыйнае фота. Перад пачаткам мітынгу, удзельнікі якога заклікалі правесьці рэфэрэндум у Курдыстане
Ілюстрацыйнае фота. Перад пачаткам мітынгу, удзельнікі якога заклікалі правесьці рэфэрэндум у Курдыстане

У найноўшы час аднавіліся спробы абвяшчэньня аўтаноміі Ірацкага Курдыстану; як вынік — у 1974-м паўночны Ірак накрыла новая хваля вайны. У 1991 годзе пры падтрымцы ЗША курдам удалося замацавацца на гістарычнай тэрыторыі, адбіваючы карныя вылазкі войскаў Садама Хусэйна. Канстытуцыяй 2005 году новыя ўлады надалі вобласьці шырокую аўтаномію з функцыямі «палавінчатай незалежнасьці».

Цяпер на 40 тысячах квадратных кілямэтраў аўтаноміі жыве больш за 5 мільёнаў чалавек. І прага незалежнасьці на парадку дня па-ранейшаму пад № 1.

Шмат у чым трагічны лёс беларусаў і курдаў падобны. Адзінае, беларусам пашанцавала: яны атрымалі дзяржаўнасьць, якая працяглы час існуе.

«Якраз глядзеў выступ прэзыдэнта Турэччыны. Гэта жах! — абураецца Ганад Чарказян. — Мінула 100 гадоў генацыду армянаў — нават намёку на пакаяньне. Забілі 1,5 мільёна чалавек — і ніякай адказнасьці. Цяпер ім папярок горла Курдыстан. Ну калі ўжо супакояцца?.. Я параўноўваю, што ў свой час нарабілі чужынцы на беларускай зямлі — трэба быць ненармальным, каб не адчуваць, не суперажываць. Дык вось шмат у чым трагічны лёс беларусаў і курдаў падобны. Адзінае, беларусам пашанцавала: яны атрымалі дзяржаўнасьць, якая працяглы час існуе. Маім землякам не пашчасьціла. Так, сёньня яны абавязкова прагаласуюць за незалежнасьць. А вось як далей, якой крывёй усё завершыцца? Людзі адчайныя, можа дорага каштаваць...»

15 верасьня парлямэнт Ірацкага Курдыстану прызначыў рэфэрэндум аб незалежнасьці на 25 верасьня. Ідэю рэфэрэндуму падтрымалі як на тэрыторыі кампактнага пражываньня курдаў, так і ў іншых спрэчных анклявах. Аднак ірацкія ўлады настойваюць, што курдзкая аўтаномія і без таго мае дастаткова незалежнасьці, а аб’яўлены рэфэрэндум незаконны.

Ірацкі Курдыстан месьціцца на поўначы і паўночным усходзе Іраку і мае ўсе прыкметы дзяржаўнасьці — органы ўлады, армію, грошы, мяжу і памежны кантроль.

Курды — самая вялікая этнічная група, якая засталася без сваёй дзяржавы пасьля падзелу Асманскай імпэрыі. У Іраку, Іране, Турцыі і Сырыі жывуць каля 30 мільёнаў курдаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG