Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы праз абмежаваньні на аборты памерла цяжарная жанчына. Лекары чакалі сьмерці плода


Пратэст у Варшаве супраць забароны абортаў
Пратэст у Варшаве супраць забароны абортаў

У Польшчы ў шпіталі гораду Пшчына памерла цяжарная жанчына: адвакаты сям'і нябожчыцы сьцьвярджаюць, што лекары адмовіліся перарываць цяжарнасьць з прычыны абмежаваньняў, якія дзейнічаюць у краіне, і чакалі сьмерці плода. Пра гэта піша выданьне Politico.

Жанчына памерла яшчэ 22 верасьня, аднак яе гісторыя атрымала агалоску толькі зараз.

Як паведамляе адвакат Яланта Будзоўска, якая прадстаўляе інтарэсы сямʼі нябожчыцы, жанчына паступіла ў шпіталь на 22-м тыдні цяжарнасьці, у яе адышлі каляплодныя воды. Урачы пацьвердзілі паталёгію. Плод загінуў, і ў жанчыны пачаўся сэптычны шок. Праз 24 гадзіны пасьля паступленьня ў шпіталь яна памерла.

Паводле адваката, падчас шпіталізацыі жанчына напісала родным і сябрам, што лекары занялі чакальную пазыцыю, сказаўшы, што трэба «пачакаць і паглядзець».

«Урачы ўстрымліваюцца ад вызваленьня паражніны маткі да сьмерці плода, што зьвязана зь дзейнымі нормамі, якія абмяжоўваюць магчымасьць правядзеньня легальнага аборту», — адзначыла Будзоўска.

Як падкрэсьлівае адвакат, лекары дзейнічалі ў адпаведнасьці з рашэньнем Канстытуцыйнага суду Польшчы, які ў кастрычніку 2020 году забараніў праводзіць аборт у выпадку невылечнай хваробы плода. Перапыненьне цяжарнасьці дапушчальнае толькі, калі яна наступіла ў выніку згвалтаваньня або калі ёсьць пагроза жыцьцю або здароўю маці.

Сямʼя нябожчыцы зьвярнулася да праваахоўнікаў у сувязі з магчымай мэдычнай памылкай. Справай займаецца пракуратура ў Катавіцах.

У шпіталі ў Пшчыне, куды паступіла жанчына, заявілі, што «адзіным фактарам», які вызначаў яе лячэньне, была бясьпека пацыенткі і плода. Усе мэдычныя рашэньні, дадалі прадстаўнікі лякарні, «прымаліся з улікам прававых палажэньняў і стандартаў паводзін, якія дзейнічаюць у Польшчы».

Пасьля таго як інфармацыя пра сьмерць жанчыны стала вядомай, у Пшчыне, Познані, Кракаве, Лодзі, Шчэціне і перад рэзыдэнцыяй Канстытуцыйнага суду ў Варшаве прайшлі пратэсты. Людзі запальвалі сьвечкі ў памяць аб загінулай.

  • 22 кастрычніка 2020 г. Канстытуцыйны суд Польшчы прыняў рашэньне, што перапыняць цяжарнасьць з прычыны дэфэктаў плоду незаконна. 98% абортаў у Польшчы праходзяць менавіта з гэтай прычыны. Згодна з пастановай, аборты дазволеныя толькі ў выпадку згвалтаваньня і інцэсту, а таксама калі жыцьцё ці здароўе маці пад пагрозай.
  • Пасьля гэтага ў краіне дзясяткі тысяч людзей пратэставалі больш за тыдзень. Толькі ў Варшаве на акцыі пратэсту выйшлі больш за 150 тысяч чалавек. Уступленьне закону ў сілу адклалі на студзень 2021 году. 27 студзеня 2021 году рашэньне суду набыло моц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG