Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая палітзьняволеная дамаглася выплаты пэнсіі. Афармляць адмаўляліся, пакуль была пад арыштам


Ларыса Танкашкур
Ларыса Танкашкур

Былая менская паштарка Ларыса Танкашкур дамаглася афармленьня пэнсіі за месяцы, якія прабыла пад арыштам у вязьніцы ў Баранавічах. Дзеля гэтага жанчына мусіла напісаць некалькі скаргаў і абыйсьці шэраг чыноўніцкіх кабінэтаў.

«Толькі калі пачулі пагрозу, што буду зь імі судзіцца, адступілі. Усё ж сваіх судоў яшчэ баяцца», — згадвае Ларыса Танкашкур эпапэю пра змаганьні з чыноўнікамі за два месяцы пэнсіі.

Гісторыя былой арыштанткі Ларысы Танкашкур вядомая ў Беларусі. Гэта яе сёлета асудзілі на 3 месяцы за тое, што восеньню мінулага году распаўсюдзіла ў інтэрнэце зьвесткі пра міліцыянтаў, якія пражывалі на ўчастку, дзе яна працавала як паштарка. Ва ўчынку Ларыса Танкашкур павінілася, а патлумачыла яго пратэстам супраць гвалту міліцыянтаў над пратэстоўцамі. «Калі б выбары былі сумленныя, я б такога не рабіла», — казала Ларыса Танкашкур.

Сёлета ў ліпені, падчас адбыцьця ў Баранавічах арышту, Ларысе Танкашкур споўнілася 57 з паловай гадоў — узрост, калі беларускім жанчынам можна выходзіць на пэнсію. Закон патрабуе ў той жа дзень падаваць дакумэнты на афармленьне пэнсіі, калі чалавек ня хоча згубіць грошы. Але як падаваць дакумэнты, калі ты ў вязьніцы?

Прадбачачы такую сытуацыю, перад адбыцьцём арышту Ларыса Танкашкур наведала аддзел сацыяльнага забесьпячэньня ў раёне, дзе пражывае. Паводле жанчыны, чыноўніца запэўніла яе, што пакуль яна будзе пад арыштам, здаць за яе дакумэнты на афармленьне пэнсіі зможа дачка, якой спатрэбіцца даверанасьць. Ларыса Танкашкур паклапацілася пра такі дакумэнт. Але ён не дапамог.

«Спачатку дакумэнты ў дачкі ў райсабесе прынялі, але праз 4 дні вярнулі. Спаслаліся на інструкцыю, што нібыта ў такім выпадку мусяць прымаць дакумэнты на афармленьне пэнсіі там, за кім лічыцца асуджаны чалавек. То бок у Баранавіцкім арыштным доме. Дачка зьвярнулася туды, але ёй адказалі, што гэтым не займаюцца. І я ў вязьніцы да іх асобна зьвярталася з гэтым пытаньнем, таксама адмовіліся нешта рабіць. У выніку давялося чакаць заканчэньня арышту. Як выйшла 30 верасьня, зноў пайшла ў райсабес, а там адмовіліся афармляць зь ліпеня, ды яшчэ і накрычалі на мяне. Маўляў, мы не вінаватыя, мусіла здаць дакумэнты своечасова, пачнём налічваць пэнсію толькі за кастрычнік. Карацей, выходзіла, што не атрымаю пэнсію за два месяцы, а гэта амаль тысяча рублёў. Для мяне — істотна. А для каго інакш? Таму давялося ўцягнуцца ў гэтую цяганіну са скаргамі», — тлумачыць сытуацыю Ларыса Танкашкур.

Паводле Ларысы, на змаганьне за два месяцы пэнсіі яна патраціла амаль месяц. У тым ліку зьвярталася ў Менгарвыканкам. Але ўрэшце жанчыну выклікалі зноў у райаддзел сацыяльнага забесьпячэньня, нават выбачыліся і запэўнілі, што налічаць ёй пэнсію, як мае быць — зь ліпеня.

«Хоць пытаньне ў мяне застаецца. Закон у нас яўна недасканалы, калі ня ўлічвае сытуацыю, у якой я апынулася. Такое можа шмат з кім паўтарыцца, бо, як пераканалася, людзі майго ўзросту таксама сядзяць у турмах, ня толькі моладзь», — кажа Ларыса Танкашкур.

Пэнсію адразу за 3 месяцы былая паштарка Ларыса Танкашкур мае атрымаць 21 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG