Як паведамілі Свабодзе ў адказе на афіцыйны запыт, Дзяржаўная авіяцыйная служба кожныя тры месяцы «вызначае і пастаянна абнаўляе пералік дзяржаў і аэрапортаў, у якія часова забароненыя ці абмежаваныя палёты самалётаў украінскіх эксплюатантаў за межамі тэрыторыі Ўкраіны на падставе інфармацыі, атрыманай ад праваахоўных органаў і зь іншых крыніц, у тым ліку ананімных».
Паводле Дзяржавіяслужбы, працоўная група ўлічыла таксама сытуацыю, якая склалася сёлета 23 траўня ў часе выкананьня авіякампаніяй Ryanair рэйсу Атэны — Вільня.
Кіраўнік Дзяржаўнай авіяцыйнай службы Ўкраіны Аляксандар Більчук дадаў, што ягонае ведамства, згодна з заканадаўствам, абавязанае ажыцьцяўляць комплекс захадаў, накіраваных на папярэджаньне авіяцыйных падзей, у тым ліку шляхам забароны, скасаваньня, часовага спыненьня або зьмены выкананьня любых відаў палётаў і авіяцыйнай дзейнасьці ў выпадку выяўленьня пагрозы для бясьпекі авіяцыі або іхнай неадпаведнасьці вызначаным стандартам і авіяцыйным правілам Украіны.
Аляксандар Більчук таксама паведаміў, што кампанія «Белавія» на зімовы сэзон 2021–2022 гадоў (з 31 кастрычніка да 26 сакавіка) ня мае дазволаў на выкананьне рэгулярных міжнародных рэйсаў з Украіны і ва Ўкраіну.
«Правы на выкарыстаньне паветраных ліній не выдаваліся. У выпадку аднаўленьня авіязлучэньня між Украінай і Беларусьсю (беларускія) авіяперавозчыкі мусяць падаць у Дзяржавіяслужбу заяўку на выкананьне рэйсаў. Гэта прадугледжана правіламі наданьня эксплюатантам дазволаў на вылет з аэрапортаў Украіны і прылёт у аэрапорты Ўкраіны», — адзначыў кіраўнік Дзяржаўнай авіяцыйнай службы Ўкраіны Аляксандар Більчук.