Кіраўніцтва Генэральнай пракуратуры наракае, што ў рамках крымінальнай справы аб «генацыдзе жыхароў БССР падчас Вялікай Айчыннай вайны» заходнія калегі ігнаруюць патрабаваньні выдаць «нацысцкіх паслугачоў». Але на практыцы беларускія пракуроры дзейнічаюць гэтак жа, калі гаворка пра тых, хто знайшоў тут прытулак ад правасудзьдзя іншых дзяржаў.
Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед неаднаразова і публічна скардзіўся: на тэрыторыі Аўстраліі, Аргентыны, Бразыліі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Ізраілю, Канады, Латвіі, Літвы, Польшчы ды іншых краін дагэтуль пражывае «нямала катаў беларускага народу».
У рамках міжнароднага супрацоўніцтва ў кампэтэнтныя структуры накіраваныя даручэньні аб аказаньні прававой дапамогі (самы гучны запыт — намер дапытаць былога прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса, якога Менск падазрае ў датычнасьці да ўдзелу ў карных атрадах). Аднак ніводнай просьбы так і не задаволілі.
Свабода згадвае, як беларускія ўлады часьцяком самі займаюць «прынцыповую пазыцыю аб нявыдачы», калі іх пра гэта просяць замежныя калегі (за выключэньнем хіба Расеі, якая пагаджаецца на экстрадыцыю нават насуперак рашэньням міжнародных судовых інстанцый).
Рэнэсанс графскіх развалін
Зь лёгкай рукі пробашча касьцёла Сьвятой Ганны, прапагандыста здаровага ладу жыцьця Юозаса Булькі вёску Мосар на Глыбоччыне пачалі называць ні многа ні мала «беларускім Вэрсалем». Хоць дагэтуль было звычайнае месца з мала чым прыкметным антуражам.
На службу сюды ксёндз трапіў яшчэ за савецкім часам у канцы 1980-х з суседняй Літвы. Па сьвецкіх мерках — ужо ў пэнсійным веку. Але за дзясятак гадоў актыўнай дзейнасьці новы ксёндз ператварыў непрыкметны куток у турыстычна-паломніцкі комплекс. Пад яго кіраўніцтвам адноўленыя і паўсталі наноў архітэктурныя аб’екты, а вёска стала зонай цьвярозасьці — праўда, шмат хто называе гэта «мітам для прапаганды».
Касьцёл — спадчына старога графскага роду. Робэрт і Ганна Бжастоўскія ў канцы XVIII стагодзьдзя пабудавалі ў Мосары палац і касьцёл. Рэзыдэнцыя, дзе гасьцявалі нават каралі Рэчы Паспалітай, цалкам зруйнаваная войнамі, а вось храм 1792 году ацалеў і бесьперапынна функцыянаваў цягам усёй сваёй доўгай гісторыі. Тут у срэбным саркафагу пад бакавым алтаром захоўваюцца мошчы сьвятога мучаніка Юстына Філёзафа, якога шануюць і каталікі, і праваслаўныя.
Сам комплекс спалучае ў сабе аўтэнтычнасьць і стылізаваныя навабуды, якія патанаюць у акультуранай зеляніне — адсюль і параўнаньні з геамэтрыяй вэрсальскіх палацаў. Атачае будынак агароджа са старадаўняй брамай усё таго ж XVIII стагодзьдзя, званіца датаваная 1931 годам, а зьменшаная копія Вастрабрамскай капліцы закладзеная ў часы сувэрэнітэту, у 1997-м.
На падыходзе — парк са штучнымі вадаёмамі, фантанамі і сьцяжынкамі, рэдкімі відамі расьлін і кветак. У ім і паўсюль па пэрымэтры мноства малых архітэктурных формаў рэлігійнай тэматыкі: Маці Божая, якая аплаквае зьнятага з крыжа Езуса (копія скульптуры Мікелянджэлё); сьвяты Ян Хрысьціцель; фігура Багародзіцы; першы ў Беларусі па даце пабудовы помнік папу Рымскаму Яну Паўлу II; меркавана самы высокі ў краіне каталіцкі крыж ды іншыя.
А яшчэ шматлікія масткі, каменныя аркі, альпійскія горкі. Крыніца са сьвятой вадой, багатай мінэральнымі рэчывамі, што даказана лябараторна. Нарэшце, шлях на Галгофу з указаньнем мэцэнатаў, якія ахвяравалі на аднаўленьне санктуарыя. Для аматараў гісторыі — філія Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музэю, і нарэшце — адзіная ў Беларусі антыалькагольная экспазыцыя.
Дарэчы сказаць, што ў падобным з касьцёлам ляндшафтным стылі афармляюцца і іншыя тутэйшыя адрасы, уключна зь вясковымі могілкамі, над якімі ўзвышаецца вялізная белая статуя Езуса.
Зрэшты, як кажа мясцовы краязнаўца Кастусь Шыталь, растыражаваныя дытырамбы пра перамогу над пʼянствам — «хлусьня, у якую многія паверылі». Збольшага гэта натхняльны прыклад для многіх сем'яў, якія адчаіліся справіцца з родзічамі-алькаголікамі. Ксёндз Булька на пытаньне, ці пʼюць у Мосары, адказваў, што не: ці то сам крывадушнічаў, ці то скажона ўспрымаў рэальнасьць такой, якой хацеў бачыць, — не дае веры суразмоўца.
«Няпраўда, што Мосар — „зона татальнай цьвярозасьці“. Так, Булька шчыра і энэргічна стараўся змагацца з пʼянствам. Прыяжджалі з „Ананімных алькаголікаў“, заклалі „Алею цьвярозасьці“. Тых, хто хацеў кінуць піць, магчыма, ён на гэта натхніў. Але цалкам выкараніць заганную звычку маларэальна: як і ў любой вёсцы, тут шмат пʼяніц. Пасьля ягонай сьмерці, каб ушанаваць змагара з алькагалізмам, улады забаранілі продаж гарэлкі ды „чарніла“ ў абедзьвюх крамах. Чым істотна паднялі абарот крамы ў суседняй вёсцы Луцк Мосарскі, куды рушылі мясцовыя выпівохі».
За сваё падзьвіжніцтва Юозас Булька адзначаны як рэлігійнымі, так і сьвецкімі ўладамі. За разьвіцьцё духоўнасьці атрымаў ад біскупа тытул каноніка. А яшчэ стаў першым сьвятаром рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэньне» і мэдалём Францішка Скарыны.
Як дадае Кастусь Шыталь, ці то статус вымагаў праяваў ляяльнасьці, ці то гэта было ўзаемна, — ва ўсякім разе, Юозас Булька быў прыхільнікам рэжыму Лукашэнкі. Да «бэнээфу», пад якім разумеў ня ўласна партыю, а ўсю дэмакратычную частку грамадзтва, ставіўся нэгатыўна.
Камэрцыя на касьцельнай ідыліі
9 студзеня 2010-га ксёндз памёр, на прыхрамавай магіле 85-гадовага сьвятара пазалочанымі літарамі выкладзена: «Любіў Бога, Прыроду і Беларускі народ».
Была засьцярога, што пасьля сьмерці Юозаса Булькі ягоная справа забуксуе: трэба быць надта зацятым, каб цягнуць такую фінансава затратную гаспадарку. Асабліва калі частка комплексу трапіла на балянс Глыбоцкага райвыканкаму ў статусе «філіі музэйнай установы». Зрэшты, празь дзясятак гадоў пасьля адыходу пробашча відавочнага заняпаду не назіраецца, хоць асобныя аб’екты і патрабуюць як мінімум касмэтычнага рамонту.
Ёсьць навацыі, якія сам ксёндз наўрад ці ўхваліў бы. Першае, што бачаць турысты ды пілігрымы на паркоўцы, — гэта драўляная будка з надпісам «Каса». Грошы невялікія, але сам факт дысануе са шматлікімі плякатамі на тэрыторыі комплексу — уваход на касьцельную зямлю бясплатны!
«Ксёндз Булька зрабіў частку ляндшафтнага комплексу на колішняй калгаснай зямлі, не афармляючы дакумэнтаў. Пасьля ягонай сьмерці ўлады ўзгадалі пра лапік за касьцёлам — перадусім гэта дарога да крыніцы і некалькі алеяў, агулам пару гектараў. Сэзонна наймаюць работнікаў, каб глядзелі за тэрыторыяй, адпаведна, нясуць пэўныя выдаткі. Ну і, мабыць, вырашылі такім чынам грошы „адбіць“. Адзінае, толкам не тлумачаць, што да касьцёла квіткі ня трэба, толькі за яго», — тлумачыць розначытаньні Кастусь Шыталь.
Зрэшты, моцна зарабіць на чужой славе цяжка — некалі ехалі паглядзець перадусім на ксяндза, цяпер жа і экскурсійны, і паломніцкі інтарэс істотна астыў, канстатуе глыбоцкі журналіст Зьміцер Лупач.
«Дзесьці ў 2009-м, незадоўга да сьмерці, Булька распарадзіўся перадаць закасьцельную тэрыторыю Глыбоцкаму аддзелу культуры. Бо калі ў 1990-х людзей было шмат і ўсе задачы вырашалі талакой, да канца нулявых са сталых вернікаў засталося пару бабулек, парафія невялікая. А трэба ўтрымліваць такую гаспадарку. У выніку пакінулі толькі тое, што здолелі самастойна пацягнуць. На астатнім спрабуе „разбагацець“ выканкам. Дый маладыя ксяндзы не пярэчылі: нагрузка вялікая, а працаваць няма з кім. Ну, і Булька мог аўтарытарна „пастроіць“ і прыхаджанаў, і чыноўнікаў».
Да таго ж, дадае суразмоўца, аб’ектыўна зьнізіўся «попыт» на Мосар. Добраўпарадкаваньнем, яшчэ ці ня з большым размахам, заняліся і ў іншых парафіях — напрыклад, касьцельны комплекс Найсьвяцейшай Тройцы ў Росіцы на Верхнядзьвіншчыне можа нават даць фору прататыпу.
Вяртаньне агента «Бімбы»
У Беларусі Юозас Булька зьявіўся незадоўга да развалу СССР, маючы салідны для камандзіраванага сьвятара ўзрост — пад 64 гады. Ягоная біяграфія не афішавалася, але калі меркаваць з успамінаў сьведак, якіх апытвалі журналісты, ён заўсёды быў рэлігійным чалавекам. Да таго працаваў на фабрыцы электрычных лічыльнікаў у Вільні, а ў другой палове 1980-х атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне, прычым не заканчваючы сэмінарыі.
Што прымусіла зьмяніць месца жыхарства перад самым абвяшчэньнем незалежнасьці Літвы, два дзясяткі гадоў заставалася таямніцай. Але калі Мосар ужо квітнеў і прывабліваў багата гасьцей, грымнуў грандыёзны скандал. У 2009 годзе Генпракуратура Літвы заявіла, што Юозас Булька падазраецца... у генацыдзе. У тое, што гаворка пра аблашчанага ўвагай сьвятара з ідэальнай рэпутацыяй, цяжка было паверыць.
Аднак тагачасны пракурор Ігналінскага раёну Вальдэмарас Баранаўскас пацьвердзіў «Эўрардыё», што колішні агент «Бімба», які перакваліфікаваўся ў служку культу, ня толькі ўскосна, а і наўпрост мае дачыненьне да «нэўтралізацыі» дзясяткаў чалавек — як партызанаў, так і мірнага насельніцтва.
«Ёсьць асноўная крымінальная справа, зь якой выдзеленыя канкрэтныя эпізоды з удзелам Юозаса Булькі. Гэта артыкул 99 Крымінальнага кодэксу Літвы, генацыд. Сьведкамі як савецкія агенты, якія працавалі разам зь ім, так і „лясныя браты“ і іх родзічы, якія ад яго пацярпелі. Ад нас быў накіраваны запыт у Генпракуратуру Беларусі з просьбай дапытаць падазраванага. На што атрымалі адказ: „З улікам дзейнага заканадаўства ня можам выканаць вашу просьбу“. Больш ніякіх тлумачэньняў. Гэта было ў 2008 годзе», — казаў тады Вальдэмарас Баранаўскас.
Ад таго часу Генэральная пракуратура Беларусі не камэнтуе «справу Булькі», запыт літоўскіх калегаў пакладзены пад сукно. А пасьля сьмерці патэнцыйнага «фігуранта» цьмяная старонка ягонай біяграфіі загарнулася сама сабой.
Першым пра супярэчлівасьці ў біяграфіі Юозаса Булькі ў канцы 2008 году напісаў горадзенскі карэспандэнт Gazety Wyborczej Андрэй Пачобут — цяпер ён зьняволены па так званай «справе палякаў». Вывучаў дакумэнты з архіваў КДБ, сустракаўся з пацярпелымі і з абвінаваўцамі. А на Каляды выдаў выкрывальны пост у сваім «Жывым Журнале».
У Літве зьвесткі пра колішніх агентаў МГБ-КДБ акумулюе Цэнтар дасьледаваньняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы (LGGRTC). У іхнай базе Юозас Булька зьявіўся яшчэ ў 1990-х, ад таго часу пачаўся збор дадзеных. Стрымлівала працэс немагчымасьць дапытаць самога героя апэратыўных зводак, якога апякалі беларускія ўлады. Вось якія факты са спасылкай на згаданую ўстанову ўдалося здабыць Андрэю Пачобуту.
«Агент-баявік Міністэрства дзяржбясьпекі (пазьней КДБ) Літоўскай ССР Юозас Булька нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Рыпайчай Новасьвянцянскага раёну ў сям’і селяніна-серадняка. Ва ўзброенае антысавецкае падпольле ўцягнуўся ў 1944-м, у складзе „лясных братоў“ змагаўся за незалежнасьць Літвы. Партызаніў да 19 сакавіка 1951-га, калі быў схоплены. На першым жа допыце здаў блізу 20 паплечнікаў. Я бачыў пратакол: псэўданімы, прозьвішчы, адрасы... Разам зь іншымі завэрбаванымі партызанамі ўведзены ўпаўнаважаным па сувязях штабу акругі „Вітаўт“ пад мянушкай „Лятун“. Зь яго дапамогай гэбісты зьнішчылі 45 чалавек».
Як вынікае з рассакрэчаных архіваў Міністэрства дзяржбясьпекі, Юозас Булька сышоў у лясы разам з малодшым братам Антанасам (у некаторых крыніцах фігуруе таксама іх маці). У 1951 годзе падчас адной з аблаваў чэкісты накрылі партызанскую схованку, у перастрэлцы забілі родзічаў і шмат паплечнікаў, а сам ён здаўся.
Сьцьвярджаецца, што пасьля допыту Булька згадзіўся супрацоўнічаць з савецкімі спэцслужбамі і быў завэрбаваны пад агентурнай мянушкай «Бімба» — цяпер ужо сам да 1954 году паляваў на «лясных братоў». Агулам заставаўся інфарматарам да 1961-га, ад пазаштатных абавязкаў вызвалены пасьля хрушчоўскай «адлігі».
Пераўвасабленьне «ляснога брата»
Пры гэтым, як пісаў журналіст, Юозас Булька лічыў сябе набожным чалавекам, зацята змагаўся з самагонаварэньнем і распустай. Абставіны ўзьвядзеньня яго ў сан дакладна невядомыя, аднак, паводле ўскосных сьведчаньняў, калі ў Літве ў 1988 годзе пачаўся нацыянальны ўздым, ён тэрмінова выехаў у Польшчу, дзе яго таемна высьвяціў на ксяндза адзін зь біскупаў. І адразу ж выправіўся служыць у Мосар Віцебскай дыяцэзіі.
«Я шмат наконт гэтага размаўляў з Андрэем Пачобутам, — кажа ягоны калега Зьміцер Лупач. — Адкрыцьцё стала шокам для парафіянаў. Зрэшты, некаторыя казалі, што і тут здаваў „куды трэба“ пасьля споведзі. Адна бабулька, дазнаўшыся, што вяртаюся з Мосара, грэбліва кінула: „Цалаваў крывавыя ручкі?“. Калі прааналізаваць, усё сыходзіцца. Раней ці пазьней Літва пачала б шукаць памагатых чэкістаў, і зьяўленьне Булькі на тле пераломных падзеяў наўрад ці выпадковае. Ну, і дайшла чарга, Вільня запатрабавала выдачы. Мы яшчэ шукалі для публікацыі, хто б пераклаў матэрыялы абвінавачваньня зь літоўскай. Беларусь адмовіла».
На той момант Юозас Булька ўжо быў публічнай асобай, уганараванай прэміямі і мэдалямі ад дзяржавы. Пачатак перасьледу і неабходнасьць вярнуцца думкамі ў мінулае ня лепшым чынам паўплывалі на здароўе: у пачатку студзеня 2010-га ксёндз памёр, перанёсшы некалькі шпіталізацый.
На пачатку 2009 году карэспандэнт «Нашай Нівы» Сямён Печанко наведаўся ў Вільню і Мосар, каб атрымаць інфармацыю зь першых рук. Кіраўніцтва Цэнтру дасьледаваньняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы чарговым разам пацьвердзіла зьвесткі, якія дагэтуль абнародаваў Андрэй Пачобут.
Загадчык спэцаддзелу Рытас Нарвідас расказаў беларускаму журналісту ўсё, што ведаў на той момант сам. Па яго словах, Юозаса Бульку яны трымалі ў полі бачнасьці ад сярэдзіны 1990-х. Адзінае, трэба было, каб ён сам пацьвердзіў накапанае на яго ў архівах і ад сьведак. Нібыта ўдалося нават выйсьці на аднаго з паплечнікаў, іншага завэрбаванага «ляснога брата».
Паводле Рытаса Нарвідаса, Юозаса Бульку маглі зламаць у першыя гадзіны пасьля налёту на атрад. Былі сьведчаньні, што яго дапытвалі побач з забітым братам. Натуральна, у той момант ён быў у цяжкім маральным і псыхалягічным стане. Што да 45 забітых, у цэнтры не знайшлі прамых доказаў удзелу ў тым Булькі. Ягоная роля збольшага зводзілася да таго, каб дамяшаць у ежу ці пітво снатворнае, дачакацца эфэкту і выклікаць атрад карнікаў з МДБ. А тыя ўжо давяршалі справу.
Наступны візыт да Юозаса Булькі аказаўся надзвычай эмацыйны. У публікацыі сьвятар казаў, што «ні з кім ня быў зьвязаны ні ў лесе, ні ў КДБ», а калі і вёў вайну, дык выключна з алькагалізмам.
Дарэчы, «крыжовы шлях» супраць сьпіртнога Рытас Нарвідас у якасьці адной з вэрсій тлумачыў тым, што на момант разгрому ў партызанскім атрадзе было шмат аматараў выпіць, а праз гэта кульгалі дысцыпліна і баявы дух. Яно і зразумела: сёмы год у лесе, адарваныя ад нармальнага жыцьця.
«Я ехаў паводле папярэдняй дамовы, — згадвае Сямён Печанко. — Ён запрасіў, каб усё патлумачыць, і з парога пачаў: у лесе ня быў, не партызаніў, зброі не трымаў, з МДБ не супрацоўнічаў. І пры гэтым казаў, якія зьвяры тыя партызаны, і што алькаголь рабіў зь людзьмі. Ну, і нарэшце, што ў яго не было брата. Але ў мяне склалася іншае адчуваньне: ён цудоўна ведаў, пра што гаворка, і прывітаньне зь мінулага відавочна ня радавала. Прынамсі не выглядаў пераканаўча, хутчэй наадварот. З аднаго боку, адкідаў усе падазрэньні, і тут жа накідваўся на партызанаў: маўляў, пацікаўцеся, што яны выраблялі».
Уражаньні ад размовы засталіся супярэчлівыя, працягвае Сямён Печанко. Але было выразнае адчуваньне: ксёндз шчыра перажываў, што вакол яго імя чарговым разам успыхнуў скандал. Гэтым разам у Беларусі. Магчыма, Булька-сьвятар быў перакананы, што сваёй дзейнасьцю ў Мосары адмаліў грахі Бімбы-агента — інфарматара МДБ, зламанага маральна і псыхалягічна.
Юозас Булька да канца дзён адмаўляўся гаварыць пра сваё мінулае. Ці не адзінае выключэньне зрабіў у 2003 годзе для «Вечаровых навінаў» на літоўскім канале LTV. Тады ў тэлефоннай размове ўскосна пацьвердзіў, што меў сувязі з савецкімі органамі бясьпекі, але сьцьвярджаў, што нікога не выдаваў, а партызаны самі трапілі ў рукі гэбістаў «празь беспрабуднае п’янства». І паабяцаў вярнуцца на гістарычную радзіму, як толькі выканае сваю «місію ў Беларусі».
Але вяртаньня ня здарылася, нават калі гэтага запатрабавалі на ўзроўні літоўскай пракуратуры. Апошнім прытулкам сьвятара стаў лапік пры касьцёле Сьвятой Ганны ў Мосары, дзе ў канцы 1980-х ён паспрабаваў пачаць жыцьцё з чыстага аркуша...
Юозас Булька — не адзіны, каго афіцыйны Менск адмовіўся выдаць Літве. Пасьля драматычных падзеяў пачатку 1990-х, якія прывялі да аднаўленьня незалежнасьці савецкай рэспублікі, у Беларусь пабеглі партыйныя функцыянэры, вайскоўцы, ідэолягі. Некаторыя, як камандзір 107-й мотастралковай дывізіі Ўладзімер Усхопчык, пад чыім камандаваньнем бранятэхніка пайшла на штурм тэлевежы ў Вільні, ці галоўная рэдактарка газэты «Тарыбу Летува» («Советская Литва») Станіслава Юонене, дасюль у літоўскім вышуку.
«Выкананьне просьбы Літоўскай Рэспублікі супярэчыла б асноўным прынцыпам законаў Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў датаваным 2010 годам афіцыйным адказе Генэральнай пракуратуры сваім калегам.
А самы статусны ўцякач, за якога падпісаліся ў Беларусі, — экс-прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў. На радзіме яму і ягоным сямейнікам пагражае крымінальная адказнасьць за эканамічныя і дзяржаўныя злачынствы. Аднак пэрманэнтныя запыты зь Бішкеку аб выдачы фігурантаў справы Менск упарта ігнаруе.