Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франак Вячорка: Мы павінны сарваць канстытуцыйны рэфэрэндум


Франак Вячорка і Сьвятлана Ціханоўская
Франак Вячорка і Сьвятлана Ціханоўская

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў інтэрвію Свабодзе расказвае, чаго можна чакаць ад міжнароднай канфэрэнцыі па ўрэгуляваньні крызісу ў Беларусі, якая мае адбыцца 22 лістапада ў Вене, пра тое, чаму Офіс Ціханоўскай не падтрымаў страйку, абвешчанага Беларускім аб’яднаньнем рабочых, а таксама пра падыход дэмакратычных сілаў да канстытуцыйнага рэфэрэндуму Лукашэнкі, які мае адбыцца ў лютым наступнага году.

«Ці стане гэта пачаткам перамоваў, яшчэ рана гаварыць»

Паводле Вячоркі, пачынаючы ад красавіка, Офіс Сьвятланы Ціханоўскай прапаноўваў розным краінам ЭЗ і ня толькі ўзяць на сябе арганізацыю канфэрэнцыі высокага ўзроўню, якая магла б пракласьці шлях да вырашэньня крызісу ў Беларусі. Але фармальна арганізатарам зьяўляецца МЗС Аўстрыі.

«Звычайна перамовы ці дыялёг не пачынаюцца на пустым месцы. Трэба правесьці цэлы раўнд кансультацый, сустрэчаў, каб зразумець, дзе перасякаюцца погляды, дзе што можна вырашыць. Лідэры дзяржаваў адразу не прыяжджаюць на перамовы, без папярэдняй падрыхтоўкі. Канцлер Курц, а пасьля канцлер Шаленбэрг, пагадзіліся ўзяць на сябе адказнасьць за такую канфэрэнцыю. 22 лістапада — гэта дзень пачатку такіх размоваў. Ці стане гэта пачаткам перамоваў, яшчэ рана казаць. Але тое, што гэта стане нейкай дыялёгавай пляцоўкай, відавочна. Акрамя самой канфэрэнцыі, якая працягнецца ўвесь дзень 22 лістапада, будзе яшчэ 6 мікрамерапрыемстваў, круглых сталоў, дыскусіяў на самыя розныя тэмы».

«Канцлер Шаленбэрг запрашаў прадстаўнікоў рэжыму, і нібыта запрашалі прадстаўнікоў Расеі»

Запрашэньня на канфэрэнцыю Офіс Ціханоўскай пакуль не атрымаў. Але пасьля афіцыйнага ліста прадстаўнікі Офісу разам з прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, абавязкова прыбудуць у Вену і будуць удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах.

«Мы ведаем, што канцлер Шаленбэрг запрашаў прадстаўнікоў рэжыму, і нібыта запрашалі прадстаўнікоў Расеі. Мы ня ведаем, хто пацьвердзіў удзел, у якім гэта будзе складзе. На маю асабістую думку, гэта можа быць нейкі экспэрт, задачай якога будзе сабраць інфармацыю пра канфэрэнцыю. І то калі гэтага экспэрта адпусьцяць. Рэжым цяпер баіцца перамоваў як агню. Яны баяцца сядаць за круглы стол з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці. Нават у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прадстаўнік Лукашэнкі Савіных шугаецца і хаваецца ад Ціханоўскай і любых дыскусіяў пра Беларусь. Я думаю, што яны ў такой сытуацыі, калі, седзячы ў бункеры і ня робячы нічога, яны могуць працягнуць сваё жыцьцё. А любая размова — гэта шлях да заканчэньня крызісу і, значыцца, да заканчэньня іх кіраваньня».

«Ёсьць вельмі шмат групаў з рознымі інтарэсамі ўнутры рэжыму, якія таксама шукаюць выхады з сытуацыі»

Вячорка нагадвае, што Аўстрыя другі пасьля Расеі інвэстар у беларускую эканоміку. Яна дамінуе ў цэлых сэктарах эканомікі. Гэта і тэлекамунікацыі, і дрэваперапрацоўка; у Аўстрыі ёсьць эксклюзіўныя кантракты, напрыклад як у кампаніі Kapsch.

Разам з тым Аўстрыя вельмі прынцыповая ў пляне падтрыманьня беларускіх дэмакратычных сілаў. Сьвятлана Ціханоўская была там тройчы, сустракалася і зь міністрамі, і з канцлерам двойчы. Аўстрыя падтрымала ўсе санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і грамадзянскую супольнасьць.

«Мы стараемся скарыстацца гэтай магчымасьцю, каб пачаць размаўляць. Нават калі там ня будзе асабіста прадстаўнікоў Лукашэнкі, вельмі добра, каб там былі прадстаўнікі розных сэктараў: і палітыкі, і эканомікі Беларусі. Ёсьць уяўленьне, што ўсё вырашаецца ў Адміністрацыі прэзыдэнта, там, дзе ёсьць Лукашэнка. Але гэта ня так. Ёсьць вельмі шмат групаў з рознымі інтарэсамі ўнутры рэжыму, якія пакуль што па той бок рэжыму, але якія таксама шукаюць выхады з сытуацыі. І зь імі трэба пачынаць размаўляць. Але, хутчэй за ўсё, гэта будуць размовы непублічныя. І ў Вене частка дыскусій будзе адкрытая для публікі і СМІ, але асноўная частка, хутчэй за ўсё, будзе непублічнай. Хаця рана гаварыць, пакуль няма афіцыйнай праграмы».

«Нашая задача цяпер — сарваць рэфэрэндум»

У лютым улады анансавалі канстытуцыйны рэфэрэндум. Пазыцыя Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, як кажа Франак Вячорка, што ён павінен быць сумешчаны з новымі выбарамі або адбыцца пасьля выбараў.

«Выбары — гэта першая неабходная справа, якая і стала прычынаю крызісу. Мы пакуль не разумеем увогуле, што гэта за рэфэрэндум, што там будзе ставіцца на абмеркаваньне. І няважна, што сказала Ярмошына, усё яшчэ памяняецца да лютага. Таму сказаць сабе дакладна, як галасаваць на рэфэрэндуме, ці як сябе паводзіць, мы ня можам».

Паводле дарадцы Ціханоўскай, цяпер Офіс спрабуе выпрацаваць адзіную пазыцыю зь іншымі палітычнымі сіламі: НАК, Каардынацыйнай радай, ByPol, «Рабочым рухам» і іншымі ініцыятывамі. Задача ў тым, каб, калі рэфэрэндум будзе абвешчаны, даць ясную інструкцыю людзям, як дзейнічаць.

«Нашая задача цяпер — гэта сарваць, ня даць Лукашэнку перагарнуць старонку, ня даць яму магчымасьці легалізаваць сваю ўладу. Сарваць, каб рэфэрэндум не адбыўся: або каб ня быў прызначаны, або каб яму не хапіла галасоў пацьвердзіць легітымнасьць. Відавочна, і Лукашэнка цяпер пачынае вагацца, ці патрэбен яму гэты рэфэрэндум. Магчыма, гэта не ягоная ініцыятыва, а на яго ціснуць. Таму мне ўсё больш падаецца, што рэфэрэндум ня будзе праведзены. Цяпер любое, што абвесьціць Лукашэнка, можа прывесьці да чарговай хвалі мабілізацыі, пратэстаў, і людзі ўнутры рэжыму гэта разумеюць».

«У прапанове Сяргея Дылеўскага бракуе адказу на пытаньне, а што далей»

Чаму Офіс Сьвятланы Ціханоўскай не падтрымаў ідэю страйку Сяргея Дылеўскага і Беларускага аб’яднаньня рабочых? Вячорка патлумачыў, што сам фармат забастоўкі асяродзьдзе Ціханоўскай падтрымлівае. Вячорка нават называе страйк адным з найбольш эфэктыўных і бясьпечных спосабаў адстойваць свае правы. Але ён дадае, што забастоўка павінна быць часткай большай стратэгіі.

«Яна павінна весьці да паралізацыі прадпрыемстваў, людзі павінны адчуваць плячо адно аднаго і разумець, што адмова выходзіць на працу аслабляе рэжым. Праблема забастоўкі, якая зараз абвешчаная (проста нявыхад на працу), — яе цяжка праверыць і ацаніць. У прапанове Сяргея Дылеўскага бракуе адказу на пытаньне, а што далей. Вельмі важна, каб забастоўка, ці любы пратэст, каб ён не прыводзіў проста да арыштаў. Ён павінен прыводзіць да большага, ісьці па нарастальнай. Ёсьць думка, што забастоўка, якая была абвешчаная 1 лістапада, не падрыхтаваная. У прыватнасьці гэта меркаваньне „Рабочага руху“. Не задача Офісу Сьвятланы Ціханоўскай забараняць ці падтрымліваць страйкі. Мы падтрымліваем любыя ініцыятывы, накіраваныя на зьмену сытуацыі. Але самі мы не заклікаем да гэтай забастоўкі, прынамсі не цяпер».

Дарадца Ціханоўскай нагадаў, што Офіс мае супольную зь іншымі палітычнымі сіламі стратэгію, якой яны трымаюцца. Гэта павышэньне ціску на рэжым, стварэньне структур, разбудова мэдыйнай і інфармацыйнай сеткі, дапамога рэпрэсаваным.

«Усё тое, што дазваляе нам нарошчваць рэсурсы, расколваць рэжым. І кожнае публічнае дзеяньне, вулічны пратэст, забастоўка ў тым ліку, яны мусяць быць часткаю гэта стратэгіі. І яно павінна ісьці па нарастальнай. Але ўсё залежыць ад кантэксту, а ён можа мяняцца. Магчыма, калі будзе прызначаны рэфэрэндум, то можа ён і будзе дэдлайнам, той датай, і тады сасьпее і рабочая супольнасьць, і ня толькі, да страйку. А можа і да выхаду на вуліцу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG