Раман ахоплівае 40-гадовы пэрыяд у гісторыі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ў часы апартэіду і пасьля яго адмены ды расказвае пра ўзаемаадносіны белай сям’і фэрмэраў і іхнай чарнаскурай служанкі. Сюжэт пабудаваны на абяцаньні старой гаспадыні фэрмы пад Прэторыяй падарыць служанцы дом, у якім яна жыве. Гэтае абяцаньне наступныя пакаленьні белай сямʼі фэрмэраў ніяк ня могуць выканаць.
Старшыня журы Мая Джасанаф, прафэсарка гісторыі Гарвардзкага ўнівэрсытэту, ахарактарызавала раман Галгута як «праяву сілы».
«(Кніга. — РС) спалучае незвычайную гісторыю, багацьце тэмаў і гісторыю апошніх 40 гадоў Паўднёвай Афрыкі ў надзвычай добра выпрацаваным пакеце», — сказала яна. — Гэта кніга, у якой ёсьць пра што паразважаць, з асаблівым акцэнтам на структуру і літаратурны стыль».
Галгут патрапіў у кароткі сьпіс намінантаў Букераўскай прэміі ўжо трэці раз. Першыя два разы былі ў 2003 і 2010 гадах.
- Прысуджэньне Букераўскай прэміі за раман на ангельскай мове адбываецца штогод з 1969 году. Яе фінансавы памер — 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Спачатку прэмія прысуджалася толькі аўтарам зь Вялікай Брытаніі, Ірляндыі і краінаў Брытанскай садружнасьці. З 2013 году прэмію можа атрымаць любы аўтар англамоўнага рамана, незалежна ад грамадзянства. У 2004 годзе была заснавана міжнародная Букераўская прэмія, якая ўручаецца за раманы, перакладзеныя на ангельскую мову.