Кампанія Meta вырашыла адмовіцца ад функцыі распазнаваньня асобаў у сацыяльнай сетцы Facebook. Гэтая функцыя дазваляла аўтаматычна вызначаць на фота і відэа асобаў, якія далі дазвол на яе выкарыстаньне.
«Мы выдалім індывідуальныя шаблёны для ідэнтыфікацыі асобаў больш як аднаго мільярда чалавек», — паведаміла Meta ў аўторак, 2 лістапада. Заяву цытуе DW.
У кампаніі спаслаліся на мноства сумневаў, якія ўзьнікалі ў грамадзтве ў сувязі з тэхналёгіямі распазнаваньня асобы. Акрамя таго, у заканадаўстве яшчэ няма дакладных правілаў іх выкарыстаньня, таму было вырашана абмежаваць гэтую функцыю.
Функцыя існавала з 2010 году
Карыстальнікі Facebook павінны былі даваць згоду на тое, каб іх імёны аўтаматычна пазначаліся на фатаграфіях фрэндаў. Функцыя працавала ў сацсетцы з 2010 году. Паводле інфармацыі Facebook, яе выкарыстоўвалі больш за траціну актыўных карыстальнікаў. Пасьля адключэньня імёны карыстальнікаў зьнікнуць і з ужо апублікаваных фатаграфій. Калі менавіта зьмены ўступяць у сілу, не паведамляецца.
Канцэрн, які базуецца ў Каліфорніі, апошнім часам перажывае найцяжэйшы крызіс у сваёй гісторыі, адзначае AFP. У прыватнасьці, яго абвінавачваюць у недастатковых мерах барацьбы з распаўсюджваньнем нянавісьці, фэйкаў і псыхалягічнага цкаваньня на плятформе, а таксама ў адмове клапаціцца аб псыхічным здароўі непаўналетніх карыстальнікаў. У канцы кастрычніка канцэрн Facebook быў пераназваны ў Meta.