Як гаворыцца ў адпаведным распараджэньні, сродкі будуць накіраваныя на набыцьцё вакцын, а таксама лекавых прэпаратаў.
«Гэта дасьць магчымасьць забясьпечыць якаснае аказаньне мэдычнай дапамогі, у тым ліку плянавай, бесьперабойную пастаўку лекаў у арганізацыі аховы здароўя», — адзначае прэсавая служба Лукашэнкі.
Але выглядае, што выдзеленая сума не пакрые рэальныя патрэбы беларускай мэдыцыны. У мінулым месяцы прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка наракаў, што грошай «не хапае катастрафічна», бо ўздым захворваньня прымушае шукаць дадатковыя крыніцы фінансаваньня.
Тады ён паведаміў, што ўрад будзе зьвяртацца да Лукашэнкі з просьбай аб выдзяленьні дадатковых сродкаў у памеры 250 млн рублёў, 140 зь якіх пойдзе на закуп лекаў і вакцын. Такім чынам, грошы ў «рэзэрвовым фондзе» знайшліся толькі на апошняе.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2021 годзе зь бюджэту на ахову здароўя выдзелена больш за 7,5 мільярда рублёў, зь якіх 6 мільярдаў ужо патрацілі. Гэта азначае, што мэдыцына забірае на сябе прыкладна 600 мільёнаў рублёў штомесяц.
Пры гэтым Лукашэнка, камэнтуючы ініцыятыву спаганяць падатак з кожнага ўладальніка кватэры, паскардзіўся, што на канец году «вымаляваліся 2 мільярды даляраў непрадбачаных расходаў, каб ратаваць людзей».
Нельга выключаць, што пры такім раскладзе брак сродкаў у мэдычнай сфэры бліжэйшым часам стане крытычным.