Валэнсу дапыталі ў пракуратуры ў якасьці падазраванага. Экс-прэзыдэнт сваёй віны не прызнаў і даваць тлумачэньні адмовіўся.
Абвінавачаньні тычацца сьцьвярджэньняў Валэнсы аб тым, што ён не супрацоўнічаў з польскай Службай бясьпекі ў сваю бытнасьць лідэрам апазыцыі і лідэрам прафсаюзу «Салідарнасьць».
Доказы адваротнага знайшліся ў 2016 годзе ў доме былога міністра ўнутраных спраў Польшчы генэрала Чэслава Кішчака. Тады знайшлі папку з дакумэнтамі, нібыта падпісанымі Лехам Валэнсам пад псэўданімам «Болек», якія пацьвярджалі яго супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Валэнса сьцьвярджаў, што яго подпіс падроблены.
Аднак графалягічная экспэртыза па так званай «справе Болека» — абвінавачаньнях супраць былога прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі камуністычнай Польшчы — даказала, што лідэр «Салідарнасьці» быў агентам польскіх спэцслужбаў на працягу многіх гадоў.
Валэнса неаднаразова абвяргаў абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з камуністычным рэжымам, а ў інтэрвію Бі-бі-сі на мінулым тыдні пракамэнтаваў выпады на свой адрас словамі: «Пераможцаў ня судзяць».