Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр самы вядомы фэльчар Беларусі Сяргей Шклярэўскі


Сяргей Шклярэўскі
Сяргей Шклярэўскі

Бесьперапынны стаж працы ў мэдыцыне ў покрашаўскага мэдыка — 70 гадоў.

Сяргей Шклярэўскі памёр у веку 92 гадоў. Ён працаваў у беларускай мэдыцыне 70 гадоў, піша сайт Міністэрства аховы здароўя. У 2018 годзе фэльчар атрымаў узнагароду «За адданасьць прафэсіі», заснаваную Міністэрствам аховы здароўя сумесна зь Беларускай асацыяцыяй лекараў.

Фэльчар яшчэ ў савецкі час быў адзначаны шэрагам дзяржаўных узнагарод і званьнем Героя Сацыялістычнай Працы.

У 2006 годзе пра яго зьнялі фільм «Доктар з Покрашава».

У 2017 годзе Сяргей Шклярэўскі стаў адным з герояў перадачы Зьмітра Бартосіка «Падарожжы Свабоды». Вось яе фрагмэнт.

Сяргей Шклярэўскі — сапраўды ўнікальны чалавек. І ня толькі для Покрашава, а для ўсёй краіны. Гэты сівы, спакойны, разважлівы, зь цёплай усьмешкай у вачах, немалады чалавек працуе ў Покрашаве фэльчарам. Працуе 66 гадоў. На адным месцы. Ад 1950 году. Са сталінскіх часоў. Нечаканага госьця ён прыняў па-беларуску. Гэта значыць — з кавай, чаем і ўсімі кілбасамі, сырамі, што былі ў лядоўні. Сёньняшні час Шклярэўскі называе адпачынкам у параўнаньні зь пяцідзясятымі, калі пачынаў тут сваю фэльчарскую практыку.

«Прыяжджалі хто на ровары, хто на кані. Хто пешкі. І просяць: „Дапамажыце, дзіця памірае“. Альбо роды пачаліся. Тады ж роды ў хаце ўсе былі. Тады, у 50-я, мы з акушэркай прымалі па семдзясят родаў на год. Былі і драматычныя выпадкі. Але выходзіў пераможцам. У антысанітарных умовах, у хаце. Ёдам руку абліваеш, залазіш па локаць — і матку пазногцямі. Бо інакш упусьціш момант, і... У чалавеку чатыры літры крыві. І калі яна цячэ струменьчыкам, праз дваццаць хвілін і вочы на лоб пойдуць. А цяпер чатыры-пяць родаў. І ўсё ў радзільных дамах. А тады дарогі якія былі? Асфальту ж не было. Коньмі па кочках. Працавалі напружана. А хірургічныя хворыя? Цяпер мо за ўвесь год які апэндыцыт трапіцца. А тады то заварот кішак, то апэндыкс, то прабадная язва. Амаль кожны дзень».

Спадар Сяргей сам мог бы напісаць найцікавейшыя мэмуары. Чаго толькі не было ў ягоным жыцьці. Нарадзіўся на Случчыне. Бацьку расстралялі немцы за сувязь з партызанамі. Па вайне жыў у пасьляблякадным Ленінградзе. Але спазьніўшыся аднойчы на працу, што гразіла турэмным тэрмінам, пакінуў імпэрскую сталіцу і вярнуўся ў Беларусь. На свае вочы Шклярэўскі бачыў знакаміты парад Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве, вядомы нам па кінакадрах, дзе савецкія салдаты кідаюць нацысцкія штандары да маўзалея. Вучыўся на фэльчара ў Бабруйску. І, трапіўшы на вольнае месца фэльчара ў Покрышава, затрымаўся тут на ўсё жыцьцё. Покрышаўцам пашанцавала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG