Як паведаміла Міністэрства энэргетыкі Беларусі, пастаўкі магутнасьцю 500 МВт ажыцьцяўляюцца з 14-й да 21-й гадзіны 2 лістапада і не зьяўляюцца камэрцыйнымі.
Старшыня парлямэнцкага камітэту энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус, дэпутат праўладнай фракцыі «Слуга народу», пацьвердзіў Свабодзе, што Ўкраіна папрасіла ў Беларусі дапамогі, каб збалянсаваць сваю энэргетычную сыстэму.
На афіцыйным сайце ўкраінскай кампаніі «Укренерго» ў адпаведным графіку адлюстроўваецца, што 2 лістапада энэргетычная сыстэма Ўкраіны атрымлівае энэргію з сумежных краін магутнасьцю 580 МВт.
«Укренерго» і «Белэнэрга» 30 сьнежня 2020 году падпісалі новыя пагадненьні, якія прадугледжваюць пастаўку электраэнэргіі ў надзвычайных ці аварыйных сытуацыях у рэжыме паралельнай працы энэргасыстэм Беларусі і Ўкраіны. Практыка падпісаньня такіх угодаў існуе з 2017 году, але толькі сёлета бакі на ўзаемнай аснове скарысталіся такой дапамогай.
Украіна плянавала з 1 лістапада аднавіць камэрцыйныя пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі і правяла са свайго боку адпаведныя аўкцыёны. «Белэнэрга» аўкцыёнаў па продажы электраэнэргіі не абвяшчала.