Сьведкі надзвычайнага здарэньня расказалі «Нашай Ніве», што мужчына сядзеў за сталом разам зь іншымі землякамі, якіх беларускія ўлады называюць «турыстамі».
Раптам мужчына страціў прытомнасьць і зваліўся з крэсла. Яго спрабавалі вярнуць да жыцьця, але безвынікова. Праз некаторы час прыехалі супрацоўнікі міліцыі і накрылі цела курткамі.
Пазьней інфармацыю аб сьмерці іншаземца пацьвердзілі ў сталічных праваахоўных органах. Цяпер на месцы працуе група экспэртаў Сьледчага камітэту.
Паводле папярэдняй інфармацыі мэдыкаў, сьмерць мужчыны наступіла ў выніку сардэчнага прыступу.
Тым часам каля «Галерэі» і ў іншых месцах у цэнтры гораду працягваюць заставацца дзясяткі іншаземцаў, часта яны тут цэлымі сем'ямі. Людзі сядзяць у кавярнях, гуртуюцца ля пераходаў, нават кідаюцца ў танцы, каб сагрэцца. Нягледзячы на тое, што іх называюць турыстамі, сталічнымі адметнасьцямі яны не цікавяцца.
Дагэтуль прыходзілі зьвесткі пра выпадкі сьмерцяў мігрантаў на розных участках мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу — менавіта туды арганізаванымі групамі скіроўваюцца «турысты» зь Іраку, Ірану, Сырыі ды іншых краін блізкаўсходняга рэгіёну.
Як паведамляе памежная служба Польшчы, за мінулыя суткі толькі ў гэтым напрамку зафіксавана звыш 700 спробаў перасячэньня мяжы. За рэдкім выключэньнем усе ўцекачы разьвернутыя назад у Беларусь. Таксама мігранты масава ідуць у бок Літвы і Літвіі.